Шчаслівай службы, салдат!

Общество

Служба ў арміі заўсёды лічылася свяшчэнным абавязкам і справай сапраўднага мужчыны і грамадзяніна нашай краіны. У мінулую пятніцу ў ГДК «Колас» прайшлі ўрачыстасці з нагоды ўручэння павестак навабранцам Ельскага раёна, прызваных на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.


Супрацоўнікі аддзела культуры, РА ГА «БРСМ» і аддзела па справах моладзі райвыканкама па ініцыятыве  Ельскага раённага ваеннага камітэта падрыхтавалі і правялі ўрачыстае мерапрыемства «Шчаслівай службы, салдат». У святочна прыбранай зале сабраліся навабранцы, іх бацькі, сябры і блізкія людзі, прадстаўнікі грамадскасці, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працавалі прызыўнікі. З найлепшымі пажаданнямі і парадамі на будучую службу да прызыўнікоў звярнуўся Рыгор Цык, намеснік старшыні райвыканкама.   Ён  у сваёй святочнай прамове адзначыў, што ўрачыста адпраўляць салдат на службу ў армію ўжо стала добрай традыцыяй. Па яго меркаванні, нашай арміі неабходны  разумныя, вынослівыя байцы, якія верай і праўдай будуць служыць сваёй Радзіме. «Паважаныя прызыўнікі, жадаю вам добрай службы, моцнага здароўя, справядлівых камандзіраў, стаць прыкладам для саслужыўцаў і хутчэй вярнуцца дамоў, дзе вас увесь час будуць чакаць вашы родныя і блізкія», – сказаў Рыгор Васільевіч. Ад усяго сэрца, шчыра і лаканічна віншавалі і давалі парады навабранцам Юрый Яначкін, ваенны камісар Ельскага раёна, і Сяргей Захаранка, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».


У гонар прызыўнікоў гучалі песні ў выкананні артыстаў ад-дзела культуры. Не аставіла абыякавымі юнакоў і проста гледачоў гульня «Курс маладога байца», якую арганізавалі для іх вядучыя.
Пажадалі добрай службы і ўручылі навабранцам падарункі  прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працавалі прызыўнікі. Яны пажадалі хлопцам з годнасцю адслужыць і вярнуцца на свае працоўныя месцы.


Кульмінацыяй святочнага мерапрыемства стала ўручэнне навабранцам павестак, пад час якога Ірына Шаўчук, першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ», і Ірына Таран, начальнік аддзела па справах моладзі Ельскага райвыканкама, павіншавалі і падаравалі ўсім навабранцам невялікія сувеніры.


Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *