Паспяховасць любой справы залежыць у першую чаргу ад тых людзей, якія выконваюць гэтую справу. Калі чалавек адказна адносіцца да даручаных абавязкаў, неабыякавы да вынікаў сваёй дзейнасці, тады і поспех не прымушае сябе доўга чакаць.
У КСУП «Саўгас «Камуніст» людзей, на якіх можна заўжды разлічваць, вельмі многа, таму і гаспадарка заўсёды ў ліку лепшых. Механізатар Анатоль Галумбіеўскі – прыклад шчырага і сумленнага працаўніка, адказнага чалавека. Шматгадовы жыццёвы вопыт (у гаспадарцы Анатоль Уладзіміравіч працуе больш за 30 гадоў) дазваляе яму быць пастаянным лідарам не толькі ў КСУП «Саўгас «Камуніст», але і ў раёне. Так, сёлета Анатоль Галумбіеўскі стаў адным з лепшых на перавозцы кармоў у раёне. Сваім трактарам МТЗ-1221 механізатар перавёз 10600 умоўных тон травяністых кармоў.
Анатоль Уладзіміравіч не цураецца ніякай працы ў сельскай гаспадарцы, разумее яе важнасць і неабходнасць. Свае веды і вопыт, набытыя за многія гады працы на сельскагаспадарчай тэхніцы, механізатар з задавальненнем перадае маладому пакаленню.
Добрыя вынікі ў гэтым годзе ў раённых спаборні-цтвах па нарыхтоўцы кармоў паказаў яшчэ адзін працаўнік КСУП «Саўгас «Камуніст» – Аляксандр Петралай, які на кормаўборачным камбайне Е-281 нарыхтаваў 43240 умоўных тон травяністых кармоў. Нягледзячы на свой малады ўзрост, Аляксандр Іванавіч карыстаецца сярод працаўнікоў і кіраўніцтва гаспадаркі аўтарытэтам.
У механізатараў круглы год многа работы: вясною галоўны клопат – падрыхтаваць і засеяць палеткі, летам – своечасова ўбраць вырашчаны ўра-джай, восенню – нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў на зіму, зімою – добра падрыхтаваць тэхніку да новага сезону. І толькі нястомнасць, працалюбства і руплівасць сельскіх працаўнікоў дазваляе ім мець сілы ў гэтым адвечным крузе працы і жыцця.
Ганна Гаўрылава