У вёсцы Падгалле ў памяшканні былой школы размясціўся буфет, які належыць Ельскаму раённаму спажывецкаму таварыству. Працуе мясцовае «кафэ» кожны дзень, акрамя панядзелка. У летні час буфет чакае наведвальнікаў з 20 гадзін вечара да 24 гадзін ночы, а ў зімовы час – з 19.30 да 23.30. Прадаўцом ў буфеце працуе Лідзія Сугак.
– Праца ў вячэрні час мяне поўнасцю задавольвае, – гаворыць Лідзія Рыгораўна. –Дома ў мяне, як і ў многіх вяскоўцаў, вялікая гаспадарка і немалы агарод. А пры такім працоўным распарадку я паспяваю выканаць усе хатнія справы, даглянуць гаспадарку, справіцца на агародзе, адпачыць і пайсці на працу.
Па словах Лідзіі Рыгораўны, кліентаў у буфеце заўжды хапае (асабліва ў летні перыяд часу). Асартымент тавараў для сельскага буфета даволі прымальны: кандытарскія вырабы, усялякія напоі, сокі, марожанае, шакалад, садавіна, кансервы, гатовыя салаты, чыпсы, цыгарэты і іншае. Акрамя таго, тут можна адведаць гарачага чаю альбо кавы. Два разы на тыдзень, па серадах і пятніцах, па заяўцы прадаўца, абавязкова прывозяць неабходныя тавары. Таму асартымент заўсёды папаўняецца. Памяшканне буфета даволі прасторнае і адносна цёплае. Большая колькасць наведвальнікаў прыпадае на выхадныя дні. Пры жаданні, тут можна адзначыць свой дзень нараджэння альбо іншае свята.
Жанна Рынгоўская