На днях убачыла свет кніга нашага земляка, «гаспадара з душой паэта», кіраўніка адной з найлепшых гаспадарак у раёне – Рыгора Бабчанка. Паэтычны зборнік палескага хлебароба атрымаў назву «Асалода».
У кнізе змешчаны вершы Рыгора Уладзіміравіча Бабчанка – сына працавітага палескага роду. Ён вырас сярод вясковых людзей і выхоўваўся на спрадвечных сялянскіх каштоўнасцях – сумленні, працавітасці, сціпласці. Вершы паэта вылучаюцца багаццем вобразаў, цнатлівай непаўторнасцю і меладычнасцю гучання. Як сейбіт шчодра ўвіхаецца на веснавой ніве, сеючы збажыну, так і Рыгор Уладзіміравіч сваімі вершамі засявае духоўную раллю вёскі, якая прарастае шчодрым ураджаем людской дабрыні, шчырасці і павагі да сялянскай працы.
Спадзяёмся, што кожны чалавек, нераўнадушны да сваёй радзімы, да сялянскай працы і наогул да чалавека, знойдзе ў кнізе «Асалода» адлюстраванне сваіх пачуццяў і светапогляду.
Ганна Гаўрылава