Дыскаўнтэр па-ельску

Общество

У красавіку гэтага года Ельскім раённым спажывецкім таварыствам  быў адкрыты новы магазін – дыскаўнтэр. У былым магазіне агародніны быў зроблены рамонт, і цяпер у гэтай гандлёвай кропцы жыхары горада маюць магчымасць набываць прадукты харчавання па зніжаных цэнах.


Дыскаўнтэр, як тлумачаць спецыялісты, гэта магазін, у якім пакупнікам прапаноўваюцца прадукты харчавання і іншыя тавары першай неабходнасці з мінімальнымі гандлёвымі нацэнкамі. Сэнс работы дыскаўнтэраў заключаецца ў атрыманні прыбытку не за кошт нацэнкі, а за кошт аптымізацыі таваразвароту і расходаў.


Асартымент харчовых тавараў у ельскім дыскаўнтэры даволі шырокі: крупы, макароны, напоі, сокі, чай, кава,  цукеркі, пячэнне, рыба, малочныя вырабы, агародніна, фрукты.


– Спачатку фруктаў мы завозілі вельмі мала, – расказала загадчыца магазіна Марына Кучарава, – цяпер іх асартымент значна павялічыўся: у продажы ёсць апельсіны, бананы, хурма, яблыкі і інш. Людзі з задавальненнем выбіраюць тое, што ім патрэбна.


На адсутнасць пакупнікоў у дыскаўнтэры прадаўцы наогул не скардзяцца: дзверы ў магазін практычна не зачыняюцца. Выручка ад прададзеных тавараў, па словах прадаўцоў, за адзін дзень можа скласці 6–11 мільёнаў, у месяц – 225 мільёнаў. Несумненным плюсам паспяховай работы магазіна з’яўляюцца і акцыі, якія пастаянна дзейнічаюць тут на розныя прадукты (сланечнікавы алей, сокі, крупы і інш.).


Асаблівым попытам карыстаюцца свежамарожаная рыба і рыбныя вырабы. Гэтыя прадукты заўсёды тут свежыя, і іх кошт прывабны для наведвальнікаў. Так, напрыклад, кілаграм  мінтая каштуе 22200, крабавыя палачкі (200 г) – 3850 рублёў і г.д. Прыхільнікі кававых напояў і чаю могуць таксама знайсці каву або чай на свой густ. Шматлікія крупяныя і макаронныя вырабы, мука, цукеркі любой фасоўкі таксама чакаюць сваіх пакупні-коў. Уважлівыя прадаўцы магазіна Марына Кучарава і Вольга Цяцерыч заўсёды рады наведвальнікам і дапамогуць вызначыцца з выбарам.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *