Добраўпарадкаванне тэрыторыі па-ранейшаму з’яўляецца адной з найважнейшых задач у жыцці вяскоўцаў і гараджан. Як будзе выглядаць двор асобнага гаспадара, вуліца, а затым і населены пункт у цэлым, залежыць толькі ад саміх людзей, іх намаганняў і старанняў.
На дапамогу вяскоўцам па добраўпарадкаванні тэрыторыі, асабліва ў маланаселеных вёсках, дзе ў асноўным засталіся толькі пенсіянеры, часта ез-дзяць гараджане. За кожнай установай і арганізацыяй, можна сказаць, «замацавана» пэўная вёска. Звычайна старшыня мясцовага сельскага Савета зараней дамаўляецца са сваімі «шэфамі» аб неабходнасці аказання дапамогі, а тыя накіроўваюць супрацоўнікаў.
Так, на мінулым тыдні супрацоўнікі Ельскага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і рэдакцыі раённай газеты «Народны голас» былі накіраваны ў Старавысокаўскі сельскі Савет. Там яны атрымалі «размеркаванне» на ўборку тэрыторыі ў вёсцы Дуброва. На месцы знесеных дамоў заставалася многа смецця, высечаных карчоў і галін, якія неабходна было прыбраць і спаліць. Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, працаўнікам было цёпла і весела: агульная справа моцна збліжае і ўздымае настрой.
Ганна Булаўка