Пройдзе час – прыйдзе вопыт


Сярод маладых спецыялістаў, прыбыўшых па размеркаванні  ў наш раён – Кацярына Клабук. Нарадзілася і вырасла дзяўчына ў вёсцы Чэрцень. Пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа яна вярнулася ў Ельскі раён.


Працуе Кацярына ў  дзяржаўным прадпрыемстве «Ельскае Палессе»  на малочнатаварным комплексе ў вёсцы Жукі па атрыманай спецыяльнасці – ветэрынарным урачом. За некалькі месяцаў працы яна зарэкамендавала сябе як адказны, працалюбівы работнік.


– Кацярына, як Вы аднесліся да размеркавання на працу ў дзяржаўнае прадпрыемства «Ельскае Палессе»?


– Добра. Тут я многіх ведаю, таму і ў калектыве асвоілася даволі хутка. Да таго ж я навучалася па мэтаваму накіраванню, пагэтаму з самага пачатку ведала, дзе буду працаваць.


– Пачынаць заўсёды складана. Як Вы спраўляецеся з узнікаючымі цяжкасцямі?


– Праца ў мяне даволі адказная. У мае абавязкі ўваходзіць: правядзенне вакцынацыі, лячэнне жывёл і іншае. Бывае ўзнікаюць цяжкасці, звязаныя з недахопам вопыту. Але, мяркую, з часам многія пытанні вырашацца самі сабою. Пры неабходнасці звяртаюся за дапамогай да старэйшых калег. Неабходную падтрымку мне, як маладому спецыялісту, аказвае Вольга Петрашэнка – галоўны ветурач гаспадаркі. Яна заўсёды дае цэнныя парады, не шкадуючы дзеліцца са мной сваім вопытам.


– Як Вы дабіраецеся на працу?


 – Пакуль што я жыву з бацькамі ў вёсцы Чэрцень. На дадзены момант мяне гэта поўнасцю задавольвае. На працу кожную раніцу дабіраюся на веласіпедзе. Дарэчы, пастаянныя паездкі на такім транспарце дапамагаюць падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.


– Якія планы на будучае, ці застанецеся Вы працаваць у гэтай гаспадарцы пасля абавязковай адпрацоўкі?


– Мне падабаецца мая работа. Буду набірацца вопыту, удасканальваць свае прафесійныя навыкі. Умовамі працы, заработнай платай, адносінамі з боку кіраўніцтва я задаволена, таму пра новае месца працы зараз нават і не думаю.


Жанна Рынгоўская


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *