Я самы шчаслівы чалавек


Майю Жыгадла ў Валаўскай Рудні ведаюць усе: практычна кожны жыхар вёскі – вучань Майі Уладзіміраўны, а калі не вучань – дык яго дзеці, а то і ўнукі. Усё жыццё гэтай шчырай, сумленнай жанчыны звязана з роднай вёскай.


Пасля заканчэння педагагічнага вучылішча ў Мазыры, маючы за плячыма адукацыю настаўніка пачатковых класаў, Майя Уладзіміраўна ўсё сваё жыццё засталася вернай абранай прафесіі. Спачатку настаўніцтва ў Веткаўскім раёне, затым – на Ельшчыне: у пачатковай школе ў вёсцы Белякі (цяпер нават уявіць складана, што там была школа), а пасля  – у роднай Рудні.


Майя Жыгадла – чалавек апантаны, апантаны працай, дзейнасцю, жыццём, чалавек з цікавай жыццёвай філасофіяй. Такіх людзей, як сама, жанчына паважае і любіць найбольш, лічыць, што менавіта на такіх трымаецца жыццё: толькі той чалавек, які зацікаўлены ў выніках працы, які імкнецца пакінуць свой след на зямлі і быць карысным людзям, можа павесці за сабой астатніх, стаць для іх светачам.


Пра свае поспехі і заслугі ў асветніцкай дзейнасці Майя Уладзіміраўна гаварыць не любіць, коратка адказвае, што ёсць ганаровыя граматы, але ў падрабязнасці не ўдаецца.


– Для мяне, як і для любога настаўніка, найвышэйшая ўзнагарода – удзячнасць маіх вучняў, якія мяне шануюць і паважаюць, – заўважае былая настаўніца. – Без іх дапамогі мне цяжка было б жыць у вёсцы, а так кожны з іх мяне паслухае,  заўжды дапаможа. Вучні не забываюць мяне і на святы, асабліва на дзень нараджэння – дзверы ў хату не зачыняюцца.


Акрамя вучняў, на дапамогу заўсёды прыходзяць дзеці – дачка Вера, якая з сям’ёй жыве ў Мазыры, і сын Уладзімір з Мінска, часта наведваюць сваю матулю.


– Я  самы шчаслівы чалавек, – сцвярджае Майя Уладзіміраўна, – багацейшы за іншых, бо ў мяне ёсць дзеці, адным дзіцём з Богам падзялілася (заўвага аўтара: сына Аляксандра не стала ў 2000 годзе). Ёсць сямёра ўнукаў, чакаю чацвёртага праўнука. Я ўсіх іх люблю, і яны мяне любяць. Дастаткова мне толькі пазваніць дзецям – і яны тут як тут, але я па дробязях стараюся іх не трывожыць. Клічуць да сябе жыць, а я кажу: з Рудні нікуды! Люблю сваю вёску і буду з ёй да канца. Колькі адведзена мне Богам, столькі і пражыву.


Любіць расказваць жанчына і пра сваіх бацькоў:


– Бацька быў рэдкай душы чалавек. Маці, пражыўшы з ім толькі 8 гадоў (вайна забрала бацьку), заўжды казала: «Я была з ім як у раі».


Маці пражыла 96 гадоў, увесь час разам з дачкой. Майя Уладзіміраўна дагледзела яе да апошняга дня.
Больш за два дзясяткі гадоў Майя Жыгадла знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Сумаваць ёй не даводзілася ні разу: пастаянна ў клопатах і ў руху. Калі прыходзіць натхненне – піша вершы і байкі, па святах удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, часта сустракаецца з сяброўкамі. Акрамя гэтага, мае сотак дзесяць зямлі, на якіх вырошчвае ўсё самае неабходнае, а ў апошні час захапляецца вырошчваннем паўднёвых раслін – кавуноў і дынь.


– Людзей, якія садзяць агароды, – дзеліцца сваімі назіраннямі з намі Майя Жыгадла, – я дзялю на тры катэгорыі: для першых агарод – спосаб зарабляць грошы, для другіх – крыніца існавання, а для трэціх, да якіх адношу і сябе, – стымул для жыцця. Пакуль я рухаюся, шавялюся, я жыву. У апошні час, праўда, ногі моцна баляць, таму далёка нікуды не хаджу, але ж да мяне людзі прыходзяць, і гэта галоўнае.


Гасціннасць і ветлівасць жанчыны не ведае межаў, як не ведае межаў яе чалавечнасць, шчырасць і дабрыня.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *