Маладзёжны валанцёрскі атрад на працягу некалькіх дзён працуе на тэрыторыі Валаўскага сельскага Савета. Актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ», працоўная моладзь КСУП «Скараднянскі» і Валаўскай школы займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі Валаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.
У мінулую пятніцу мы засталі атрад за працай у двары гэтай навучальнай установы: юнакі завяршалі ўстаноўку агароджы, а дзяўчаты фарбавалі яго ў зялёны колер. Нягледзячы на халаднаватае надвор’е, моладзь працавала ў добрым настроі.
– У нашай вобласці праходзіць акцыя «Квітней, родная старонка – Гомельшчына!», – расказвае першы сакратар РАГА «БРСМ» Ірына Шаўчук. – Мы вырашылі прыняць актыўны ўдзел у такой добрай справе. Вось прыехалі ў Валаўск, каб дапамагчы мясцоваму сельскаму Савету па добраўпарадкоўванні. Нас накіравалі ў Валаўскі дзіцячы сад – сярэднюю школу, паказалі і расказалі, што трэба зрабіць. Сельскі Савет забяспечыў фарбай, а працоўны інструмент мы прывезлі з сабой. Мы ўжо зрабілі прыгожую агароджу, але на гэтым не спынімся. Сумесна з дырэктарам школы Мікалаем Коханам рашаем, што лепш зрабіць для дзіцячай пляцоўкі: арэлі, лавачку ці незвычайную кветачніцу. А можа гэта будзе нешта іншае. Галоўнае, каб тое, што мы створым, было на карысць людзям.
Пасля гэтага маладзёжны валанцёрскі атрад накіруецца ў іншыя сельскія Саветы раёна, каб дапамагчы добраўпарадкоўваць тэрыторыі і наводзіць парадак на зямлі.
Марына СУГАК