Зашырскі Горад майстроў

Общество

З мэтай захавання народных традыцый, старадаўніх рамёстваў зараз у аграгарадку Зашыр’е ідзе будаўніцтва Горада майстроў. Як паведаміла дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія Шадрына, ідэя стварэння унікальнага культурна-этнаграфічнага праекта Горад майстроў выношвалася на працягу шэрагу гадоў. Першапачаткова на чыстым энтузіязме, пры падтрымцы мясцовага кіраўніцтва гаспадаркі былі закладзеныя падмуркі будучай кузні і ганчарнай майстэрні.


Рамесны цэнтр – Горад майстроў – узводзіцца на пустыры пасёлка Зашыр’е, за культурна-спартыўным цэнтрам. Ужо амаль подрыхтаваны будынак кузні. Трэба адзначыць, што вонкава ён вельмі падобны на сапраўдны кавальскі храм.



«Адраджэнне кавальскай справы дасць магчымасць наладзіць навучанне падлеткаў і дарослых старадаўняму рамяству, прывіць цікавасць да культуры свайго народа, дасць магчымасць вырабляць і збываць вырабы кавальскай справы, прыцягне ўвагу турыстаў блізкага і далёкага замежжа», – упэўнена Яўгенія Шадрына.



Побач з кузняй узвышаецца цудоўны будынак, у якім у хуткім часе моладзь будзе займацца ганчарнай справай. Для афармлення гэтага будынка былі выкарыстаны ляпніна, шматлікія дэталі, што выразаны з дрэва, скульптуры, нават дробныя кавалачкі каляровага шкла пайшлі ў ход пры ўпрыгожванні сцен.
Вельмі прыгожа і яскрава выканана на вялізнай сцяне каля ганчарнай майстэрні карціна роднай прыроды. На фоне намаляванага лесу віднеюцца скульптурныя выявы звяроў і птушак, якія быццам бы застылі на месцы і чакаюць зручнага моманту, каб падняцца ў неба ці падысці бліжэй да чалавека.
Настаўнікамі, якія будуць навучаць моладзь рамёствам ў Горадзе майстроў, стануць мясцовыя майстры.  Трэба адзначыць, што шмат таленавітых народных умельцаў жыве на ельскай зямлі. Гэтыя майстры могуць перадаваць свае навыкі моладзі, вучыць іх старадаўнім рамёствам, традыцыйным для беларусаў. 



Нямала таленавітых умельцаў ёсць і ў Зашыр’і.  Вядомы ўсім майстар-каваль Мікалай Акуліч можа з жалеза выкаваць унікальныя і непаўторныя рэчы. Майстар-разьбяр па дрэве Аляксандр Коўшун разам са сваімі хлопцамі з каранёў дрэў і рознага прыроднага матэрыялу ствараюць прыгожыя мастацкія вырабы.



 «Майстэрні у Горадзе майстроў дапамогуць кожнаму жадаючаму праявіць сябе, навучыцца вырабляць розныя рэчы сваімі рукамі,  заняць свой вольны час карыснай і цікавай справай», – тлумачыць Яўгенія Аляксандраўна. Пры будаўніцтве Горада майстроў прадугледжаны мінімальныя ўкладанні бюджэтных сродкаў. Ініцыятары праекта ўпэўнены, што іх стварэнне не пакіне абыякавымі жыхароў Ельшчыны і гасцей.



У Горадзе майстроў плануецца стварыць не толькі ганчарныя майстэрні, кузню, але і Дом рамёстваў, музей-сядзібу, у якім будзе сапраўдная ткацкая майстэрня, фальклорны куток, музей «паміраючых» вёсак Ельшчыны, архіў пра людзей нашага краю.



Зараз супрацоўнікі Зашырскага КСЦ праводзяць экспедыцыі па раёне, збіраюць цікавы матэрыял пра традыцыйныя народныя рамёствы, пра цікавых людзей і знакамітых майстроў Ельшчыны. Робіцца ўсё гэта з мэтай захавання спадчыны нашых продкаў, народнай культуры і перадачы яе наступным пакаленням, каб ніколі не перарывалася духоўная сувязь.



Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *