Пасля ўборкі збожжавых культур работы на палях не становіцца менш. Каб якасна падрыхтаваць глебу да сяўбы азімых, патрэбна вызваліць плошчы ад саломы, правесці лушчэнне іржышча і многае іншае.
Пра ход палявых работ у раёне расказвае галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Гуд:
– У цэлым у раёне звезці салому патрэбна на плошчы 7911 га. Па стану на канец жніўня, гэта зроблена больш чым на 80 % тэрыторый.
Акрамя гэтага, у сучасных тэхналогіях земляробства адным з самых высокаэфектыўных агратэхнічных прыёмаў з’яўляецца лушчэнне іржышча. Пасля заканчэння ўборкі збожжавых з вызваленых плошчаў аператыўна вывозіцца салома, потым на іх праводзіцца дыскаванне, якое правакуе рост пустазелля. Паўторнае дыскаванне не толькі дазваляе пазбавіцца ад шкодных раслін, але і больш эфектыўна падрыхтаваць глебу пад будучую сяўбу азімых культур. Зараз лушчэнне іржышча праведзена на плошчы 4520 гектараў з агульнай колькасці 7911 гектараў.
У гэтым годзе раннія тэрміны жніва абумовілі і больш ранні пачатак работ па лушчэнні іржышча. Ды і азімая сяўба сёлета пачнецца раней леташняй, таму і спяшаюцца ў сельгаспрадпрыемствах раёна з прэсаваннем і вывазкай саломы, дыскаваннем глебы.
Ганна Гаўрылава