Падвор`е Ірыны Чорнай з вёскі Валаўск ужо многія гады лічыцца адным з лепшых у вёсцы. Непаўторнасць і прыгажосць яму надаюць рознакаляровыя кветкі. Знайсці тут можна цэлую кветкавую энцыклапедыю: азалія, бругера, вегела, гартэнзія, дэльфініум, елка, іва, кіпарыс, лілея, медуніца, незабудка, прымула, спірэя…
Як усё пачыналася, расказвае сама гаспадыня:
– Гадоў пяць назад я па-сапраўднаму занялася развядзеннем кветак, можна сказаць, даволі рэдкіх і экзатычных. Раней у мяне ў двары было многа дрэў, і кветкі раслі неяк неахвотна. Потым, калі дрэвы спілілі, кветкам пачало хапаць сонечнага свету, даспадобы прыйшлася зямля. І мае выхаванцы забуялі, зазіхацелі. Дабываць расліны даводзілася рознымі спосабамі: наладжвала цесныя сувязі з кветкаводамі-аматарамі. Перасылалі адзін аднаму цікавыя экзэмпляры, мяняліся. Таксама і па пошце заказы рабіла.
– Якім кветкам вы аддаеце перавагу?
– Найбольш падабаюцца шматгадовікі. У мяне каля дваццаці відаў лілейнікаў, больш за 50 лілей, каля 40 хостаў, многа кустоў руж, ёсць рамонкі садовыя, хрызантэмы, гартэнзіі. Апошнім часам вырошчваю кіпарысы, туі, елкі, ядловец.
Кожная кветка, кусцік, дрэўца заслугоўваюць увагі, дабрыні і любові. Штодзень, нават некалькі разоў на дзень, я абглядаю свае раслінкі, зазіраю пад кожны лісцік і бутончык.
– А якая кветка ў вас самая любімая?
– Вельмі люблю лілейнікі, іх у народзе называюць красаднеў, бо яны красуюцца ўсяго адзін дзень. Я стараюся лавіць тыя моманты, калі бутончык лілейніка вось-вось лопне і закрасуецца непаўторная, дзівосная кветка. А яшчэ вельмі люблю хосты за іх буйную зелень, прыгожы малюнак і афарбоўку лістоў.
– Кветкі ў вас сапраўды буяюць. У чым сакрэт?
– Самыя галоўныя сакрэты – любоў і догляд. Трэба адносіцца да раслін, як да жывых істот, размаўляць з імі, радавацца кожнаму новаму лісточку і кветачцы. Тады яны шчодра аддзячаць сваім цвіценнем. Кветкі даюць энергію чалавеку, дапамагаюць перажыць цяжкія моманты ў жыцці. Для мяне кветкі – своеасаблівыя дзеці, якія ніколі не пакрыўдзяць, а толькі ўзрадуюць сваёй прыгажосцю.
Ганна Гаўрылава