Свята малой радзімы

Общество

У дзень святога Іллі ў вёсцы Будкі было незвычайна весела. З самага ранку пякло сонца, на двары было даволі душна і спякотна, але нічога не магло сапсаваць святочны настрой будкаўцоў. Усе даўно чакалі гэтага свята, каб адпачыць ад вясковай працы і проста весела правесці час. На свята вёскі сабраліся амаль усе жыхары, яны мелі прыгожы святочны выгляд і цудоўны настрой.


На невялікай пляцоўцы каля былога магазіна і пачалося свята. Каля мікрафона з`явіўся вядучы, ў якім адразу ўсе прызналі дырэктара Старавысокаўскага ЦКіВЧ Уладзіміра Невяроўскага. Ён павітаў усіх жыхароў вёскі Будкі і гасцей свята, пажадаў шчасця, удачы і, галоўнае, доўгіх гадоў жыцця.


Для адкрыцця Дня вёскі на пляцоўку запрасілі старшыню Старавысокаўскага сельсавета Марыю Алесіч:


– Паважаныя жыхары вёскі Будкі, віншую вас са святам. Няхай не вярнуць былой сілы нашай вёсцы і кожны год  збіраецца у гэты дзень усё менш і менш людзей, мяркую, не знікне наша свята, так як для кожнага чалавека малая радзіма – гэта тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, знайшоў сяброў, куды заўсёды хочацца вярнуцца, дзе можна адпачыць душою…


Дарагія будкаўцы, жадаю вам здароўя і дабрабыту.


Пачалі свята сваім выступленнем артысты агітбрыгады аўтаклуба аддзела культуры Ельскага райвыканкама (мастацкі кіраўнік Васіль Музычэнка). Ад душы выступалі для сваіх землякоў артысты народнага калектыву «Весялуха» Старавысокаўскага ЦКіВЧ. Вяскоўцы горача сустракалі артыстаў, а пасля некалькіх песень многія кінуліся ў танцы. Спевакі і музыкі весялілі гасцей песнямі, частушкамі, вясёлымі байкамі. А якой прыемнай нечаканасцю для вяскоўцаў з`явілася выступленне ўладальніка Гран-пры фестывалю «Грай, гармонік!» Валерыя Канопліча! Усе як зачараваныя слухалі гарманіста і з захапленнем сачылі за тым, як віртуёзна цісне ён на клавішы гармоніка. Цікавасць у бабуль выклікала выстаўка вышыванак і вырабаў з бісеру, якую арганізавалі  работнікі Дуброўскага сельскага клуба Уладзімір Трошка і Галіна Трошка .


З радасцю і найлепшымі пажаданнямі адбылося ўшаноўванне старэйшых жыхароў вёскі Карпенка Сцяпана Іванавіча, якому споўнілася 84 гады, Рудніцкага Сцяпана Андрэевіча, Зданевіч Марыі Сцяпанаўны, Зубік Марыі Іосіфаўны. Васьмідзесяцігадовы рубеж пераступілі Трошка Мальвіна Іванаўна, Сельвіч Арсеній Фёдаравіч, Крупа Вольга Мікалаеўна, Сарокін Васіль Міхайлавіч.


У кожнага чалавека павінен быць свой кут, каб ён ведаў, што ў цяжкі час яго чакаюць там Вера, Надзея, Любоў. Менавіта такую сям`ю ўдалося стварыць і зберагчы сямейным парам, якія адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця: Андрэю і Марыі Кульчыцкім, Сцяпану і Таісіі Рудніцкім, Аляксандры і Сцяпану Карпенка.  Гэтыя сем`і выгадавалі дзяцей, маюць унукаў і праўнукаў, для якіх з`яўляюцца жыццёвым прыкладам і мудрымі дарадчыкамі.


Завяршылася свята танцавальнай праграмай. Вельмі неахвотна разыходзіліся будкаўцы дамоў. Удзячныя арганізатарам і артыстам за падораныя шчаслівыя імгненні, яны ўпэўнены, што гэта сустрэча не апошняя.


Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *