Другі год жыве ў в. Санюкі Аляксандра Фёдараўна Трус. Сюды яе з Новай Рудні перавезлі дзеці, купілі ёй тут хату і дапамаглі добраўпарадкаваць падворак. Ёсць побач з хатай і сад, і агарод.
– У мяне дзве дачкі, – распавядае Аляксандра Фёдараўна, – адна жыве ў Мазыры, другая – у Навагрудку. Яны хацелі, каб я ў горадзе жыла, а я прывыкла да вёскі, да зямлі. Люблю, каб свая хата была, каб у ёй прыгожа і чыста было. Вось тады і перасялілі мяне ў Санюкі.
Унук рамонт добры дапамог зрабіць, дзеці калодзеж выкапалі, летні душ ладзяць. Вароты і агароджу пафарбавалі, пасадзілі дрэўцы: бярозкі і ялінкі.
Тут мне добра: ёсць і сад, і агарод. Грэчку пасеялі, бульбу пасадзілі.
За гэты час падвор’е гаспадыні ператварылася ў адну вялікую клумбу. З ранняй вясны да позняй восені квітнеюць ля хаты кветкі. Яны радуюць і гаспадыню, і яе гасцей яркімі фарбамі і прыемнымі водарамі. Тут і рамонкі, і гваздзікі, і званочкі, і лілеі, і вяргіні, і многія іншыя кветкі.
Аляксандра Фёдараўна расказала яшчэ пра адну асаблівасць клумбы:
– Жыве ў гэтым «букеце» курка з куранятамі. І так жа акуратна водзіць іх тут, нічога не пагрэбла, не сапсавала. Дзіўна… Мабыць, ім падабаецца.
Глядзела я на гэты прыгожы і акуратны падворак і думала: Сапраўды, чалавек, які па-сапраўднаму любіць зямлю, здольны любы яе кавалачак ператварыць у райскі куток. Было б толькі жаданне.
Марына СУГАК