«Народны голас» вачыма чытачоў

История газеты

Ірына Малуха, бухгалтар ВСУ «Ельская СДЗЮШАР»:


– Для мяне раённая газета «Народны голас» – гэта крыніца навінаў, без якіх немагчыма жыць. Калі прыходзіць свежы нумар раёнкі, найперш звяртаю ўвагу на калейдаскоп навін. Вельмі цікава чытаць рубрыку «Пытанне – адказ», многа карыснай інфармацыі можна там атрымаць. Люблю яшчэ чытаць віншаванні і рэкламу.


І, канешне ж, асабліва прыемна чытаць артыкулы пра спартыўнае жыццё нашага раёна, пра поспехі маладых спартсменаў. А калі яны яшчэ і вучні нашай спартыўнай школы, дык тады гонар мяне проста перапаўняе.


Хацелася, каб у будучым раённая газета «Народны голас» была жаданым госцем у кожным доме. А яе супрацоўнікам я хачу пажадаць натхнення, творчых ідэй і поспехаў у працы.


Сяргей Каваленка, майстар  лесу Зашырскага лясніцтва:


– Газету «Народны голас» мы выпісваем на лясніцтва, таму кожны з нашых работнікаў мае магчымасць пачытаць яе. Я заўсёды з цікавасцю чытаю рэкламныя аб’явы. Лічу, што гэта добры набытак. Людзі заўсёды будуць штосьці купляць, прадаваць, карыстацца паслугамі. І ім газета ў гэтым дапамагае.
Марыя Алесіч, старшыня Старавысокаўскага сельскага выканаўчага камітэта:


– Раёнку чытаю ад першай да апошняй старонкі заўжды. У апошні час газета «Народны голас» стала больш цікавай, насычанай. Можна знайсці матэрыялы на любы густ: і для дзяцей, і для дарослых, і для пенсіянераў.


Яшчэ хацелася б, каб у нашай раёнцы часцей з’яўляліся матэрыялы пра знакамітых землякоў. Яны, канешне, сустракаюцца на газетных старонках, але хочацца яшчэ больш такой інфармацыі: як склаўся іх лёс, ці часта бываюць на радзіме і г.д.


З нагоды юбілею раёнкі (а 80 гадоў – гэта ўжо доволі важная дата!) жадаем любімай газеце быць і надалей мудрай дарадцай і шчырым сябрам кожнай сям’і.


Таццяна Нікітка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Ельскі лясгас»:


– «Народны голас» я выпісваю і чытаю даўно. Мяне радуе, што газета не стаіць на месцы, у ёй з’яўляюцца новыя рубрыкі, калектыў рэдакцыі працуе творча. Раёнка змяшчае на сваіх старонках цікавыя інфармацыйныя і аналітычныя матэрыялы, у якіх адлюстраваны навіны і галоўныя падзеі з жыцця нашага горада і раёна.


Хочацца выказаць і некаторыя пажаданні нашай раёнцы.


Добра было б, каб газета больш паведамляла аб лепшых працаўніках сельскай гаспадаркі і прамысловасці, а не толькі напярэдадні прафесійных святаў. Заўсёды з цікавасцю чытаю артыкулы пра сталых людзей. Шмат хто з іх перажыў ваеннае ліхалецце, плённа працаваў. У такіх людзей ёсць чаму павучыцца нам, маладым. На маю думку, калі раёнка перыядычна будзе друкаваць матэрыялы пра гісторыю горада, пра нашых землякоў, хто сваёй самаадданай працай, творчымі або спартыўнымі поспехамі праславілі Ельскі край, – гэта будзе спрыяць выхаванню патрыятызму.


Прапаную ўвесці новую рубрыку «Нашы правы», у якой спецыялісты будуць расказваць пра розныя сітуацыі сацыяльнага характару і параяць, як лепш паступіць у тым ці іншым выпадку, прапануюць найбольш рацыянальныя рашэнні праблем. Многія ж проста не ведаюць сваіх правоў, думаю, што раёнка тут павінна дапамагчы.


Валянціна Бабовіч, выхавальніца ясляў-сада № 4 г. Ельска «Дзюймовачка»:


– На працягу 20 гадоў выпісваю раённую газету. Калі параўнаць, якой яна была раней і цяпер, то, безумоўна, зараз раёнка больш цікавая, на яе старонках змяшчаюць многа фотаздымкаў, што мяне вельмі радуе. Жыццё Ельшчыны карэспандэнты асвятляюць усебакова.


Мне падабаецца чытаць пра людзей працы, пра тых, хто шчыруе ў сельскай гаспадарцы (сама нарадзілася і вырасла ў вёсцы), «Народны каляндар», бліц-апытанні, тэматычную старонку «Узвышанае і зямное». Асабліва кранаюць матэрыялы рубрыкі «Лёс чалавека» і «Гавораць дзеці».


У нашай сям’і, напрыклад, захоўваюцца тыя нумары, у якіх было надрукавана пра кагосьці з нас або змешчана віншаванне… Час ідзе, і мы з цікавасцю перачытваем гэтыя старонкі, успамінаем, параўноўваем… Думаю, так робяць многія чытачы, пагэтаму працягвайце друкаваць матэрыялы пра дзяцей, іх фотаздымкі. Пройдуць гады, і ім, падлеткам або дарослым, будзе цікава даведацца пра тое, якімі яны былі.


Хочацца, каб раёнка выходзіла на 8–10 старонках або тры разы на тыдзень. З задавальненнем буду чытаць лепшыя рэцэпты і парады дачнікам ад чытачоў, парады па выхаванні дзяцей і сямейных адносінах. Лічу, што гэта будзе цікава і маладым, якія нядаўна ступілі на шлях сямейнага жыцця.


Ганна Булаўка і Марына Сугак



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *