Дзень вёскі – асаблівае свята

Общество

 Як у кожнага чалавека ёсць свая біяграфія, свой лёс, так і ў вёсак – свая гісторыя, свой жыццёвы шлях. Такую думку выказала ў час правядзення дня вёскі Валаўскай Рудні дырэктар сельскага клуба Наталля Сіманьян. І з гэтым нельга не пагадзіцца.



На свята вёскі, якое прайшло ў Валаўскай Рудні 11 жніўня, сабралася шмат людзей. Гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і іх дзеці, унукі, а таксама госці. Адкрываючы мерапрыемства, Ніна Фяськова, старшыня Качышчанскага сельскага Савета дэпутатаў, выказала словы падзякі ўсім, хто знайшоў час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму на свята. «Пераканана, што родная зямля дае нам сілы, зараджае энергіяй, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі», – адзначыла Ніна Аляксееўна. Яна расказала аб тым, што робіцца зараз па добраўпарадкаванні вёскі, падкрэсліла, што менавіта мясцовыя жыхары актыўна дапамагаюць у навядзенні парадку на зямлі.



Сваімі ўспамінамі аб жыцці і працы ў Валаўскай Рудні падзя-ліўся былы старшыня калгаса імя М.І. Калініна Анатоль Крэнт. Ён узначальваў гаспадарку ў перыяд з 1987 да 1997 года. Распавядаючы пра калектыўную працу ў тыя гады, ён падкрэсліў, што калгас імя М.І. Калініна быў моцнай гаспадаркай, а жыхары Валаўскай Рудні вылучаліся сярод іншых сваёй  адказнасцю, працавітасцю і імкненнем у любы момант прыйсці на дапамогу сваім землякам.


Свята вёскі – асаблівае свята. Гэта дзень памяці ўсіх тых, хто жыў у вёсцы. Расказваючы пра гістарычнае мінулае Валаўскай Рудні, вядучая святочнага мерапрыемства Наталля Сіманьян падкрэсліла, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі вёскі дзейнічалі партызанскія атрады, у склад якіх уваходзілі і мясцовыя жыхары. У ліпені 1943 года Валаўская Рудня была спалена нямецкімі карнікамі. У агні загінулі 43 жыхары вёскі. Многія абаронцы Радзімы не вярнуліся з той страшэннай вайны… Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.



Свята вёскі – гэта дзень шанавання ўсіх тых, хто зараз жыве ў ёй. Словы павагі і ўдзячнасці за працу гучалі ў адрас Вольгі Сцяпанаўны Паповай, якая доўгі час працавала цялятніцай у сельгасарганізацыі; Ганны Харламаўны Бяляк, былой даяркі гаспадаркі; Аляксандра Васільевіча Прыміна, былога трактарыста, перадавіка гаспадаркі; Соф’і Паўлаўны Еўлаш, былой даяркі, мнагадзетнай маці; Васілісы Васільеўны Шаўчэнка, а таксама многіх іншых добрасумленных працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ім былі ўручаны грашовыя прэміі, букеты кветак і музычныя віншаванні. 



Трэба адзначыць, што на свяце вёскі гучала шмат песень. Іх выконвалі фальклорны калектыў з вёскі Скароднае, мясцовы маладзёжны ансамбль «Балашаватыя» і фальклорны ансамбль «Рудняначка». Усіх  артыстаў цёпла, радушна, з шматлікімі апладысментамі сустракалі мясцовыя жыхары. Невялікі фальклорны гурт «Рудняначка» (на здымку) у складзе Вольгі Варанько, Майі Жыгадла, Вольгі Бяляк, Васілісы Шаўчэнка, Вольгі Шаўчэнка і Наталлі Сіманьян заваяваў сэрцы многіх паклоннікаў народнай песні. Цікава і тое, што гэтыя сціплыя, галасістыя жанчыны выконвалі не толькі народныя песні, але і гімн вёскі. Словы верша для гімна былі складзены Майяй Уладзіміраўнай Жыгадла, мясцовай паэтэсай, а музыка напісана ўдзельнікамі гурта сумесна. У гэтым гімне выказана ўся любоў да роднай вёсачкі, да людзей, якія жылі і зараз жывуць на роднай зямлі, да маляўнічых мясцін і багацця прыроды.



Свята вёскі адзначалася з размахам. На беразе Батыўлі, пад вялізнымі магутнымі дубамі, дзе дружна сабраліся мясцовыя жыхары,  да самага вечара вяліся гутаркі, успаміны ды ліліся па ўсёй акрузе меладычныя і цудоўныя беларускія песні.



Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *