Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прадоўжыць стварэнне ў краіне сучасных малочнатаварных комплексаў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Мы на правільным шляху і не робім ніякіх тэхналагічных памылак. Што датычыцца майго патрабавання па мадэрнізацыі старых малочнатаварных ферм (дзе дояць кароў у вядро або малакаправод), то трэба прадоўжыць стварэнне малочнатаварных комплексаў у строгай адпаведнасці з тэхналогіяй».
«Той, хто бяжыць хутчэй, той выйграе. А нас час падганяе, таму што, калі мы будзем працаваць у рамках СГА, у якую ўжо ўступае Расія, нам давядзецца канкурыраваць з вядучымі сусветнымі фірмамі. Каб выжыць і быць канкурэнтамі ў гэтай барацьбе, трэба мець добрае і якаснае малако», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прадоўжыў: «Мы павінны ў кожнай гаспадарцы ўвесці па аднаму малочнатаварнаму комплексу, мадэрнізаваўшы старую ферму або пабудаваўшы новую». Малочнатаварныя комплексы могуць быць трох відаў – прыкладна на 600, 800 або 1000 галоў. Што датычыцца малакаправодаў, то яны, вядома, яшчэ застануцца, і не адзін год. Але ўжо ў гэтым годзе трэба адыходзіць ад даення ў вёдры.
У Беларусі рэканструяваць належыць 1200 малочнатаварных ферм, у іх ліку 191 – на Гомельшчыне. Па стану на 1 жніўня, на рэканструкцыю асвоена 194 мільярды беларускіх рублёў.
На Ельшчыне належыць рэканструяваць 6 малочнатаварных ферм. Арыенціровачны кошт аб’ектаў – 23367 мільёнаў беларускіх рублёў. Ужо асвоена каля 9000 мільёнаў рублёў (больш за 5000 млн руб. – уласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў, 3500 млн руб. – сродкі з мясцовага бюджэту). На мадэрнізацыі ферм працуюць 127 чалавек, у сярэднім больш за 20 чалавек на кожным аб’екце.
Хуткімі тэмпамі рэканструкцыя МТФ вядзецца ў КСУП «Скараднянскі» і КСУП «Ельскае Палессе». Для дойных статкаў рамантуюцца хлявы, бетаніруюцца выгульныя пляцоўкі для жывёлы, рэканструюцца цэхі раздою, цялятнікі, мадэрнізуюцца сістэмы вентыляцыі, даення і інш. Губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік, наведаўшы аб’екты рэканструкцыі ў Ельскім раёне ў час абласнога семінару па жывёлагадоўлі, даў даволі высокую ацэнку ўбачанаму і адзначыў, што на гэтым нельга спыняцца.
Ганна Гаўрылава