Будзе ўраджай на смачны каравай

Сельское хозяйство

Канец мінулага тыдня стаў вельмі плённым на ўборцы ўраджаю збожжавых на Ельшчыне. Гарачае і сухое надвор’е дазволіла аграрыям павялі-чыць тэмп уборачнай кампаніі, а гэта ў сваю чаргу выклікала з’яўленне тысячнікаў – экіпажаў камбайнаў і вадзіцеляў.


Першы экіпаж-тысячнік з’явіўся на Ельшчыне ў чацвер на мінулым тыдні ў КСУП «Скараднянскі». Сярод усіх экіпажаў раёна дуэт старшага камбайнера Мікалая Ляўкоўскага і малодшага камбайнера Андрэя Цалуйка першым намалаціў першую тысячу тон зерня. Гонару дадае яшчэ і тое, што гэты экіпаж з’яўляецца маладзёжным экіпажам.


Ушаноўванне першых тысячні-каў з удзелам старшыні Ельскага райвыканкама Леаніда Пісаніка, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгія Цыка, кіраўніцтва КСУП «Скараднянскі» і артыстаў Валаўскага цэнтра народных традыцый прайшло прама на рабочым месцы хлебаробаў – на полі каля вёскі Карма. Леанід Пісанік павітаў камбайнераў з дасягнутымі працоўнымі поспехамі, пажадаў перамог у будучым, а Георгій Цык уручыў ім падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі АПК.


Сваю важную долю ў жніво гэтага года ўносяць і іншыя камбайнеры і вадзіцелі на адвозцы збожжа. На сённяшні дзень у Ельскім раёне да намалоту тысячы тон зерня набліжаюцца экіпажы Кашэвіча Віктара і Кашэвіча Андрэя з КСУП «Саўгас «Камуніст», Бараноўскага Юрыя і Неўмяржыцкага Дзмітрыя з гэтай жа гаспадаркі, Прышчэпа Яўгена і Яцухна Генадзя, Прышчэпа Сяргея і Цімошчанка Паўла  з КСУП «Ельскае Палессе», Дубінскага  Валянціна і Ласоўскага Канстанціна з КСУП «Ельск».


Больш за тысячу тон збожжа перавезлі ад камбайнаў на машынах Віктар Глюза і Рудніцкі Міхаіл з КСУП «Саўгас «Камуніст», Яўген Крывенькі, Аляксей Ляўкоўскі і Іван Кашэль з КСУП «Скараднянскі», Аляксандр Цыкін і Аляксандр Ільюк з КСУП «Ельск», Алег Кошаль з КСУП «Ельскае Палессе».


Лідарамі сярод аператараў сушыльных установак на 6 жніўня з’яўляюцца Міхаіл Прышчэп з КСУП «Ельскае Палессе», Васіль Цалка з КСУП «Скараднянскі» і Аляксандр Ражкоўскі з КСУП «Саўгас «Камуніст».


Па аператыўных дадзеных на раніцу 6 жніўня, у Ельскім раёне ўбрана 82 % пасяўных плошчаў, намалочана 18580 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,7 цэнтнераў з гектара.


Наогул у Беларусі  зерневых і зернебабовых культур убрана больш за 60 % (больш за 1,5 млн га).


Уборачная кампанія працягваецца. Задача сабраць увесь ўраджай без страт, пастаўленая перад аграрыямі, працягвае быць актуальнай і самай важнай у справе хлебаробаў.


Ганна Гаўрылава


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *