Амаль увесь горад, і не толькі, з нецярпеннем чакае адкрыцця чарговага фестывалю «Грай, гармонік», які адбудзецца заўтра. Усе ўдзельнікі гэтага свята ўжо даўно распачалі падрыхтоўку. Не з`яўляецца выключэннем і гарманіст Валерый Канопліч.
Валерый Фёдаравіч некалькі разоў удзельнічаў у фестывалі. У 2010 годзе атрымаў 1-е месца ў намінацыі «Салісты-гарманісты». Ён расказаў, што прага да музыкі ў яго з дзяцінства.Тата і дзядзька майстра таксама былі неабыякавыя да музыкі, добра ігралі на гармоні. Так ужо наканавана лёсам, што і ў сям`і Валерыя Фёдаравіча любоў да музыкі перадалася дачцэ Вікторыі і ўнучцы Аліне. Дзяўчаты вельмі прыгожа спяваюць.
– З музыкай жыць весялей, – гаворыць гарманіст. – Іграю ў асноўным народную музыку. Народныя творы заўсёды прываблівалі. Думаю, як і заўсёды, фестываль пройдзе весела і цікава, будзе на што паглядзець. Запрашаю ўсіх на свята!
Жанна Рынгоўская