Гаспадаркі Гомельскай вобласці прыступілі да ўборкі зерневых культур. Зараз камбайны накіраваны на ўчасткі, якія пацярпелі ў час спёкі і моцных дажджоў. Пераважна гэта паўднёвыя раёны вобласці: Мазырскі, Калінкавіцкі, Брагінскі, Лоеўскі, Акцябрскі, Рэчыцкі. Плануецца, што жніво масава развернецца на гэтым тыдні. Пратычна вырашаны пытанні забеспячэння ўборачнай кампаніі кадрамі, тэхнікай і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Па інфармацыі спецыялістаў, у гэтым годзе аграрыям Гомельскай вобласці належыць убраць больш за 378 тысяч гектараў. Самыя вялікія плошчы зерневых і зернебабовых культур – у Рагачоўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах.
Наогул гаспадаркам Беларусі трэба ўбраць каля 3 мільёнаў зерневых і зернебабовых культур, у тым ліку каля 300 тысяч гектараў кукурузы на зерне.
У жніве будуць удзельнічаць 12 тысяч камбайнаў, сярэдняя нагрузка на кожны з іх складае 208 гектараў. Да 1 жніўня па краіне неабходна ўвесці 73 новыя зернесушыльныя комплексы і 23 семяачышчальныя лініі.
Як паведамілі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у Ельскім раёне трэба ўбраць 8515 га зерневых і зернебабовых культур і 2629 га кукурузы на зерне і соі. Зараз усе гаспадаркі ў раёне прыступілі да ўборкі азімых: жыта, пшаніцы, трыцікале. Па дадзеных на раніцу 16 чэрвеня, ужо ўбрана 309 гектараў азімых, намалочана 761 тона. Найбольш намалацілі зерня ў КСУП «Ельск» (461 т).
Практычна завершана ўборка рапсу. Яго сёлетні ўраджай склаў 1800 т, ураджайнасць – 16 ц/га.
Ганна Гаўрылава