Сэканд хэнд: за і супраць

Общество

Да адзення сэканд хэнд у насельніцтва рознае стаўленне. Безумоўныя перавагі – нізкія цэны, добры выбар, магчымасць купіць эксклюзіўную брэндавую рэч за капейкі (калі пашанцуе – нават новую). Недахопы – гэтыя рэчы ўжо хтосьці насіў…


Сэканд хэнд (даслоўна – другія рукі) – гэта адзенне, абутак і іншыя рэчы, якія ўжо былі ў карыстанні, уцэненыя або не прададзеныя за пэўныя тэрміны ў магазінах. У нашу краіну ношанае адзенне завозіцца ў асноўным з краін Еўропы і ЗША, дзе гэтая з’ява даўно стала сур’ёзным і прыбытковым бізнесам. Для сэканд хэнда існуюць цэлыя фабрыкі, якія займаюцца яго зборам, дэзінфекцыяй, санітарнай апрацоўкай, сартыроўкай і продажам.


У Беларусі апошнім часам сэканд хэнд таксама пачаў імкліва развівацца. Дайшоў ён і да Ельска. Некалькі месяцаў назад у Ельску быў адкрыты магазін адзення, якое было ў карыстанні за мяжой.


– Адзенне сэканд хэнд, –  заўважыла загадчыца магазіна Ніна Гузоўская, – карыстаецца даволі вялікім попытам сярод жыхароў нашага горада. Заходзяць сюды людзі і з невялікім дастаткам (мнагадзетныя маці, студэнты), і забяспечаныя. Бывае і такая моладзь, якая пільна сочыць за модай, таму шукае цікавыя модныя рэчы, якія можна набыць за вельмі нізкі кошт. Асаблівы наплыў лю-дзей – у дні прывозу. Людзі набываюць летняе адзенне (майкі, шорты, спаднічкі), джынсы, хутка разыходзяцца дзіцячыя рэчы.


У магазіне сэканд хэнд усё акуратна развешана, нешта ляжыць і ў карзінах. Любы жадаючы можа набыць штосьці цікавае, непаўторнае (сумняваюся, праўда, у знаходцы рэчаў «ад куцюр’е»…)  і недарагое. Так, напрыклад, жаночыя тунікі можна купіць за 40 тысяч, дзіцячыя джынсы – 40–60 тысяч, джынсы для дарослых – ад 120 тысяч рублёў. Амаль новы купальнік вісіць за 80 тысяч (дзеля справядлівасці заўважу – новы каштуе 90–100 тысяч). Добра разыходзяцца жаночыя сумачкі. 


Па словах прадаўшчыцы, пакупнікі з задавальненнем перабіраюць і выбіраюць рэчы, прымяраюць іх. Некаторым не падабаецца пах сэканд хэнд (гэта парафармалінавая апрацоўка рэчаў), які знікае адразу пасля першай сціркі.


Кажуць, эканомны чалавек – не той, хто адказвае сабе дзеля зберажэння капейкі, а той, хто спрабуе ўсё, але з мінімальнымі затратамі. Магчыма, калі развеяць усе ўстойлівыя перакананні наконт магазінаў сэканд хэнд і паспрабаваць купіць у іх патрэбныя рэчы, то эканомія сямейнага бюджэту і сапраўды будзе забяспечана.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *