Без страт сабраць ураджай

Сельское хозяйство

У пачатку асноўнай сельскагаспадарчай кампаніі – уборкі ўраджаю – пытанні пра-вільнай яе арганізацыі былі падняты ў сераду, 18 ліпеня, на раённым семінары для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных інжынераў і галоўных аграномаў гаспадарак раёна.


Семінар прайшоў у КСУП «Саўгас «Камуніст». У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня Ельскага райвыканкама Леанід Пісанік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Гапонік, спецыялісты райсельгасхарчу. Анатоль Гапонік адзначыў, што вельмі важна ў гарачую пару жніва арганізаваць работу ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна так, каб правесці ўборку ўраджаю з мінімальнымі стратамі. Для гэтага трэба наладзіць не толькі ўборку зерня камбайнамі, але і прэсаванне і адвоз саломы, а таксама дысакаванне пожні, пасеў пожніўных і паўкосных культур. Усё гэта павінна праводзіцца своечасова і якасна.


На семінары таксама абмяркоўваліся пытанні заработку механізатараў і спецыялістаў сельгасарганізацый.


– Каб зацікавіць людзей у выніках іх працы, яе высокаэфектыўнасці, – заўважыў Анатоль Гапонік, – трэба іх заахвоціць, прастымуляваць. Любы механізатар, ды і спецыяліст гаспадаркі, будзе працаваць з большай аддачай, калі ў яго будзе падтрымка з боку кіраўніцтва, а таксама матэрыяльны стымул.


У кожнага механізатара ёсць магчымасць самастойна падлічыць свой штодзённы заработак,  патлумачыла галоўны эканаміст КСУП «Саўгас «Камуніст» Людміла Лук’янава на прыкладах расцэнак у гаспадарцы, дзе яна працуе. Аналагічныя расцэнкі выкананых работ ёсць у кожнай сельгасарганізацыі раёна.


Увага ўдзельнікаў семінара была таксама звернута на пытанні тэхнікі бяспекі ў час уборачнай кампаніі: забеспячэнне камбайнаў вогнетушыцелямі, правядзенне ўсіх неабходных інструктажоў з механізатарамі і інш.


 У час семінару кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты абмяняліся сваімі думкамі і разважаннямі, па-дзяліліся асабістым вопытам у арганізацыі жніва.


– Ад кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў у многім залежыць, як пройдзе ўборка ўраджаю, – падвёў вынікі семінару старшыня райвыканкама Леанід Пісанік. – Ад таго, як будуць арганізаваны ўсе сельскагаспадарчыя працэсы ў гаспадарцы, будзе залежаць поспех і вынік уборачнай кампаніі. У той жа час вялікую ўвагу патрэбна надаць стварэнню нармальных умоў для работы механізатараў, паклапаціцца пра іх харчаванне, бяспеку, дастойны заработак. І тады мы зможам без страт сабраць вырашчаны хлеб.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *