Цуд сваімі рукамі

Общество

У жыцці давялося бачыць многа кніг: друкаваных, рукапісных, нават гліняных. Але такую, якую зрабіла Таццяна Максіменка, настаўніца працоўнага навучання Ельскай дапаможнай школы-інтэрната, у падарунак Рыгору Бабчанку з нагоды яго юбілею, – упершыню.


Вышытая кніга – сапраўдны шэдэўр, унікальны выраб мастацтва. Ад першай да апошняй старонкі юбілейнай кнігі, зробленай з натуральных матэрыялаў, абсалютна ўсё вышыта: цэлыя вершы паэта, маляўнічыя каляровыя ілюстрацыі, нават сілуэт Рыгора Бабчанка вышыты на вокладцы кнігі.


– Работа над вышываннем кнігі вялася з пачатку гэтага года, – прызналася руплівая вышывальшчыца Таццяна Міхайлаўна. – Вышывала кожную вольную хвіліну, вельмі ж хацелася паспець да юбілею Рыгора Уладзіміравіча. Работа, трэба сказаць, вельмі складаная, патрабавала многа намаганняў. Але ў той жа час мне самой было вельмі цікава: а што ж атрымаецца з маёй задумкі? Вышытая кніга – гэта мой першы такі незвычайны выраб. Хвалявала яшчэ і тое, ці спадабаецца падарунак юбіляру.


Сапраўды, пра вышытыя кнігі мы яшчэ не чулі. Можа, недзе нехта і паўторыць гэта, але цяпер можна быць упэўненым толькі ў адным: вышытая кніга – дзівосны цуд сваімі рукамі, унікальная работа, якая здзіўляе сваёй непаўторнасцю.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *