Незагойная рана

Общество

У вёсцы Кочышчы жыве Марыя Дзям’янаўна Бардашэвіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былая медыцынская сястра 37-й Ельскай партызанскай брыгады. Па волі лёсу  май стаў самым шчаслівым і самым трагічным месяцам для гэтай жанчыны. Менавіта ў маі яна страціла вельмі блізкага чалавека – бацьку, а праз два гады разам з іншымі патрыётамі святкавала перамогу над фашыстамі.


67 гадоў мінула з той пары, але  дагэтуль баліць у яе душы незагойная рана вайны. І Дзень Перамогі для Марыі Дзям’янаўны сапраўды свята са слязамі на вачах…


– Вайна… Якое гэта страшнае слова. Толькі той, хто сам прайшоў дарогамі вайны, разумее, якія цяжкія выпрабаванні, няшчасці і пакуты выпалі на долю майго пакалення. Я ніколі не забуду тых страшных дзён вайны.


У маім жыцці самай трагічнай падзеяй стала смерць майго бацькі Дзям’яна Андрэевіча Рабчынскага. Гэта было 30 мая 1942 года. Жандармы і паліцаі вялі яго на расстрэл з завязанымі назад рукамі. Калі б хто з аднавяскоўцаў выдаў мяне, то і мяне схапілі б. Бацьку абвінавацілі ў сувязі з партызанамі, у агітацыі супраць немцаў. Бацька сапраўды заклікаў моладзь не слухаць гітлераўцаў, не ехаць у Германію, а ісці ў лес да партызанаў. Яго завялі ў школу, катавалі, білі, а потым вывелі з будынка і расстралялі…


Летам 1942 года ў суседніх вёсках Круглае і Копанка фашысты масава расстрэльвалі людзей, не шкадавалі ні старых, ні малых. У Копанцы гітлераўцы сагналі насельніцтва быццам бы на сход на калгасны зерняток, паставілі кулямёт і запыталі, хто з вяскоўцаў мае дачыненне да партызанаў. Але ніхто не выйшаў сам і не выдаў нікога. Тады немцы пачалі страляць з кулямёта, расстрэльвалі лю-дзей ва ўпор. А затым падпалілі зерняток і зачынілі вароты. Тыя, хто не былі расстраляны адразу, змаглі выламаць вароты і разбегліся па лесе, а немцы на конях даганялі іх і забівалі. Вось чаму па лесе вакол Копанкі так многа адзіночных магіл.


Дванаццаць маіх родзічаў ляжаць у брацкай магіле ў в. Жукі. Уявіце сабе, як баліць мая душа, калі праходжу, праяз-джаю каля гэтага месца. Штогод на Радаўніцу і ў Дзень Перамогі я ўскладаю кветкі да помніка, што ўстаноўлены ля брацкай магілы.


З 8 чэрвеня 1942 года на працягу 21 месяца я была ў партызанах, удзельнічала ў сямі баявых аперацыях, у тым ліку і ў вызваленні г. Ельска. Да гэтай пары падтрымліваю сувязь з ельскімі ветэранамі: Міхаілам Гусачэнкам, Рыгорам Прыходзькам, Фёдарам Хмаруном. Мы абмяркоўваем розныя пытанні: як зараз працуюць людзі, якая палітычная абстаноўка ў дзяржаве і ў свеце, гаворым пра моладзь, пра справы ў родных і блізкіх. Дарэчы, мой сын Мікалай, які жыве ў Санкт-Пецярбурзе, штогод вясною разам з жонкаю прыязджае да мяне. Яны дапамагаюць пасеяць агарод, а летам – сабраць ураджай. У мяне дарослая ўнучка і два ўнукі, шасцёра праўнукаў. Я іх усіх вельмі люблю.


Нам, ветэранам, добра жывецца зараз: атрымліваем пенсіі, усім забяспечаны, сацыяльныя работнікі ва ўсім дапамагаюць. І таму галоўная задача ветэранаў – дапамагчы ў выхаванні падрастаючага пакалення, нашы нашчадкі павінны вырасці патрыётамі сваёй Радзімы.


Пагэтаму звяртаюся да цяперашніх і будучых пакаленняў: цаніце і беражыце мір, памятайце, якой дарагою цаною дастаўся ён вашым бацькам і дзедам, сваёй чэснай працай мацуйце нашу дзяржаву. І дай Бог, каб нікому больш не давялося спазнаць столькі гора, колькі выпала яго на долю майго пакалення.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *