Алена Паўлаўна Яцухна жыве ў Кочышчах. Ветэран працы, пастаянная пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх сацыялістычных спаборніцтваў у галіне жывёлагадоўлі ў савецкі час – усё гэта пра жанчыну, якая за адданую плённую працу ў сельскай гаспадарцы на працягу чатырох дзясяткаў гадоў заслугоўвае шчырых слоў удзячнасці і павагі.
Увесь час Алена Паўлаўна працавала на ферме ў Кочышчах даглядчыцай цялят. Сваімі працоўнымі поспехамі жанчына не любіць хваліцца, кажа, што ўсе стараліся, усе шчыравалі, не думалі ні пра якія перамогі. А прывесы цялят тым часам былі заўважныя – да 1,5 кг у суткі. Самы малы прывес – 800 г, заўважае Алена Яцухна.
Перадавая цялятніца, яна заўжды была на віду: неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага Савета, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці вёскі. За самаадданую працу ў сельскай гаспадарцы на працягу многіх гадоў Алена Паўлаўна ўзнагароджана Ордэнам працоўнай доблесці і юбілейнай зоркай пераможцы. За працоўныя поспехі атрымлівала пуцёўку на адпачынак у Балгарыі.
Зараз Алена Паўлаўна Яцухна на пенсіі, жыве адна (мужа не стала вельмі даўно). Адна дачка – Таццяна – жыве па суседстве і працуе ў мясцовай гаспадарцы на ферме. Другая жыве ў Мазыры. Мае Алена Паўлаўна ўжо чацвёра ўнукаў і двух праўнукаў. Дома жанчына, якая ўсё жыццё працавала, не сядзіць склаўшы рукі. Садзіць невялікі агарод, трымае курэй. Дзеці і ўнукі не пакідаюць яе без увагі, клапоцяцца і дапамагаюць.
Ганна ГАЎРЫЛАВА
Фота Аляксандра Газукі