Сёлета аграрыі Ельшчыны будуць вырошчваць сланечнік на прамысловай аснове. Гэта, па словах галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Гуда, адна з асаблівасцей вясенне-палявых работ гэтага года ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне краіны наогул.
– У цэлым пад сланечнік на Гомельшчыне адведзена 25 тысяч гектараў, – адзначыў Юрый Уладзіміравіч, – а Ельшчыне – 975 гектараў. Павышаная ўвага да гэтай культуры тлумачыцца тым, што адыходы яе перапрацоўкі – жмых і шрот – з’яўляюцца выдатным высокабялковым кормам для буйной рагатай жывёлы. Адным словам, з гэтага года значна пашыраны бялковы клін. Актыўна мы пачалі вырошчваць і сою, плошчы якой у раёне склалі 350 гектараў. А таксама было павялічана заданне па пасеву яравога рапсу.
У панядзелак пачалі сеяць сланечнік у КСУП «Ельск», пад які тут адведзена плошча ў 100 гектараў. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Касуха, спроба вырошчваць сланечнік у КСУП «Ельск» была яшчэ ў пазамінулым годзе. Але больш сур’ёзна падышлі да гэтага цяпер. Пад гэтую культуру добра рыхтуецца глеба: спачатку былі ўнесены ўдабрэнні, зараз на дыскаванні заняты дзве адзінкі тэхнікі. Сее сёлета сланечнік адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі – Генадзь Раменнікаў. Ён заўжды робіць даручаную справу сумленна і аддана. Падвозіць зерне да сеялкі вадзіцель Анатоль Еўсейчук. За ўсім працэсам сяўбы пільна сочыць начальнік раслінаводчага ўчастка КСУП «Ельск» Ніна Вавула. Ніна Адамаўна заўважыла, што калі надвор’е дазволіць, то сланечнік хутка, літаральна за некалькі дзён, будзе пасеяны.
Наперадзе ў КСУП «Ельск», як і ў любым іншым сельгаспрадпрыемстве раёна, многа работы: яшчэ чакаюць сваёй чаргі зялёны гарошак, морква, сталовыя буракі.
Ганна Булаўка
Фота Аляксандра Газукі
На здымку: Генадзю Раменнікаву сёлета даручана сеяць сланечнік.