VII абласны конкурс духавых аркестраў праходзіў у два этапы. 19 мая ўдзельнікаў конкурсу прымала Рэчыца, 20 мая – сустракаў Ельск. У Ельску ў сваім творчым майстэрстве змагаліся 10 калектываў з Калінкавіч, Мазыра, Петрыкава, Жыткавіч, Лельчыц і Ельска. Яны спаборнічалі ў некалькіх намінацыях: духавыя аркестры са званнем «узорны», духавыя аркестры са званнем «народны», эстрадныя ансамблі дзіцячыя і дарослыя. Журы конкурсу ўзначаліў дацэнт кафедры аркестравага дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Берсан.
У конкурсе прынялі ўдзел узорны духавы аркестр Калінкавіцкай дзіцячай музычнай школы (кіраўнік Ігар Буднік), узорны духавы аркестр Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Пётр Юхневіч), народны аркестр Мазырскага дзяржаўнага музычнага каледжа (кіраўнік Леанід Куперман), народны духавы аркестр Мазырскага гарадскога Дома культуры (кіраўнік Уладзімір Яцына), народны духавы аркестр Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Сяргей Сергіенка), народны духавы аркестр Ельскага гарадскога Дома культуры (кіраўнік Уладзімір Дзегцярэнка), ансамбль саксафаністаў «Дружба» Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Сяргей Сергіенка), ансамбль духавых інструментаў Лельчыцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Аляксандр Гуд), народны вакальна-інструментальны ансамбль «Максіма» Калінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Наталля Дзівак) і інструментальны ансамбль «Гармонія» Калінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Міхаіл Алексанін).
Пасля конкурснага прагляду для кіраўнікоў духавых аркестраў народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Берсан правёў творчую лабараторыю, дзе былі прааналізаваны выступленні калектываў-удзельнікаў, выпрацаваны задачы для далейшага ўдасканалення іх выканаўчага майстэрства.
Ганна Булаўка
Фота Аляксандра Газукі