Заўтра праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Вялікдзень, Уваскрэсенне Хрыстова. Замест звычайных прывітанняў усюды будуць гучаць светлыя словы: «Хрыстос Уваскрос!» І ў адказ – «Ваісціну ўваскрос!»
А як падрыхтаваліся і будуць сустракаць Паску жыхары горада і раёна, высветлілі мы нядаўна.
Наталля Шубіч, прыхажанка Храма Святой Жываначальнай Троіцы г. Ельска:
– Вялікдзень для праваслаўных – адно з найгалоўнейшых свят. Сустракаць гэта свята трэба з чыстай і светлай душой і з урачыстым настроем. Усё жыццё я хаджу ў царкву, наведваю ўсе службы. Акрамя таго, я разам з іншымі мужчынамі і жанчынамі там працую. Мы заўжды старанна рыхтуемся да ўсіх царкоўных свят, а да Вялікадня – асабліва. Усё чысцім, мыем, праціраем іконы. У двары каля Храма таксама наводзім парадак. І, канешне, ходзім на ўсе службы, будзем і сёння, на Ўсяночнай.
Лідзія Гвоздзь, паштальён Зашырскага аддзялення паштовай сувязі:
– Штогод на Вялікдзень мы збіраемся ўсёй сям’ёй: прыязджаюць дзеці да нас з Ельска і Мазыра, і ўсе разам мы адзначаем гэта найвялікшае свята. Як звычайна – з булкамі, кулічамі, фарбаванымі яйкамі і з іншымі смачнымі стравамі. Настрой у гэты сапраўды вялікі дзень прыўзняты і радасны.
Ларыса Цімашэнка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дуброўскай БШ:
– Для маёй сям’і Вялікдзень – самае светлае і радаснае свята, таму што ўвесь праваслаўны свет святкуе Уваскрэсенне Хрыстова. Да гэтага дня мы рыхтуемся загадзя. За тыдзень – другі пачынаем прыбіраць у хаце, праводзім генеральную ўборку: усё вымываем, вычышчаем. На падворку таксама наводзім поўны парадак. У пятніцу перад Вялікаднем звычайна фарбуем яйкі, а ў суботу выпякаем булкі – паскі. Яны ў мяне вельмі смачныя атрымліваюцца! Яшчэ гатуем многа рознай смакаты. Мая маці ў царкве заўжды асвячае ежу. І раніцай у нядзелю снеданне мы распачынаем з яе. А ўдзень сустракаем гасцей і весела праводзім час.
Ганна Булаўка