На сённяшні дзень на Ельшчыне ўжо практычна завяршылі сяўбу ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур. Аграрыі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна пачалі сеяць галоўную кармавую культуру – кукурузу, некаторыя – гародніну. Пра ход вясенне-палявых работ расказвае Юрый Гуд, галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ельскага райвыканкама:
– Нягледзячы на не зусім спрыяльныя ўмовы надвор’я, у раёне актыўна вядзецца яравая сяўба. Так, на 19 красавіка засеяна 2775 га, што складае 16 % плошчаў, адведзеных пад яравыя культуры. Па аператыўных дадзеных, кукурузай ужо засеяна 853 га. Найбольш пасеяна яе ў КСУП «Дабрынь» (280 га).
На гэтым тыдні ў КСУП «Дабрынь» і ў КСУП «Ельск» пачалі сеяць зялёны гарошак. Усяго пад гарошак будзе адведзена 250 га. У КСУП «Саўгас «Камуніст» на плошчы 1 га пасеяна морква і на такой жа плошчы – цыбуля.
Вядзецца таксама падрыхтоўка глебы пад тэхнічныя культуры і бульбу. Акрамя гэтага, пачалася другая падкормка азімых зерневых культур і рапсу.
Ганна Булаўка