Прыбяры на сваёй планеце

Общество

Здавалася б, як проста выконваць параду Маленькага Прынца з аднайменнай аповесці Антуана дэ Сент-Экзюперы! Магчыма, на знакамітыя беларускія адметнасці – чысціню і прыгажосць роднай зямлі – таксама паўплываў французскі «прышэлец з планеты людзей»? Нездарма ж іменна ў нашай краіне штогод вясной, калі прырода абуджаецца ад доўгага зімняга сну, пачынаюцца грандыёзныя акцыі па навядзенні парадку.


Сёлета месячнік па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый населеных пунктаў Беларусі працягваецца ўвесь красавік. Ельшчына не стала выключэннем: з 21 сакавіка да 20 красавіка актыўна вяліся работы па навядзенні прыгажосці ў горадзе і раёне. А своеасаблівай кульмінацыяй стаў рэспубліканскі суботнік, які прайшоў у мінулую суботу, 21 красавіка, па ўсёй краіне. Суботнік прайшоў на рабочых месцах і на добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан тэрыторый горада Ельска і населеных пунктаў Ельскага раёна, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны.


Работнікі КЖЭУП «Ельскае» займаліся навядзеннем парадку на вуліцах горада: разбівалі клумбы, працягвалі зносіць старыя дамы, выкарчоўваць пні.


За дзень у Ельску юнакамі і дзяўчатамі РА ГА «БРСМ» было пасаджана 300 маладых дрэўцаў: ліп, клёнаў, рабін.


Падчас рэспубліканскага суботніка некаторыя служачыя Ельскага райвыканкама працавалі на тэрыторыі Засінцаўскага сельскага Савета – вырубвалі кустарнікі, астатнія садзілі кветкі на клумбах вакол будынка райвыканкама. Супрацоўнікі падатковай інспекцыі дапамагалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю Млыноцкага сельсавета.


Працаўнікі сельскагаспадарчай галіны ў дзень суботніка працавалі на месцах: механізатары былі заняты на пасяўной і, як звычайна, выйшлі ў поле, астатнія займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля адміністратыўных будынкаў, машынна-трактарных паркаў і малочнатаварных ферм.


ДЛГУ «Ельскі лясгас» разам з вучнямі СШ № 2 г. Ельска прыбіралі смецце ў зонах адпачынку і на тэрыторыі ляснога фонду ўскраіны горада Ельска.


У рэспубліканскім суботніку на Ельшчыне прынялі ўдзел 6562 чалавекі, было зароблена 77,6 мільёна рублёў.


Грашовыя сродкі, заробленыя на працоўных месцах у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, у добраахвотным парадку пералічаны на асобны рахунак Ельскага райвыканкама    № 3642409080157 ЦБУ № 310        г. Ельска, філіяла № 317 ААТ «АСБ Беларусбанк» г. Мазыра, код 151501678, УНН 400034803. Частка грашовых сродкаў будзе накіравана на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезону, а таксама на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Частка грошай будзе накіравана  Міністэрству культуры для будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны і стварэння яго музейнай экспазіцыі.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *