Хлебаробы ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ельшчыны ўжо прыступілі да пасяўной кампаніі. Праўда, усе разам, дружна, у адзін дзень выйсці ў поле не змаглі, таму што капрызнае надвор’е не давала такой магчымасці. Тым не менш, па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на 2 красавіка, першыя дзясяткі гектараў ужо засеяны ва ўсіх гаспадарках. На дзень 2 красавіка ў раёне раннімі яравымі зерневымі засеяна 19 % ад запланаванага, а гэта 302 гектары.
У мінулую суботу першы пасяўны агрэгат вывелі ў поле ў КСУП «Скараднянскі». Да севу яравых зерневых тут планавалі прыступіць раней, але зрабіць гэтага не дазваляла пераўвільготненая глеба.
– Мы пачалі з аўса, – расказаў нам галоўны аграном КСУП «Скараднянскі» Сяргей Шэцка. – На сённяшні дзень ужо засеялі ім 28 га, усяго запланавана 60 га. Пад ячмень сёлета адведзена 122 га, пад віка-аўсяную сумесь – 51 га. Упершыню ў гаспадарцы будзем сеяць сою і грэчку. Як звычайна, будзем вырошчваць гародніну (бульбу, буракі і моркву), пасеем і сланечнік. Сёлета пад кукурузу на зерне будзе адведзена 470 га, на зялёную масу – 1663 га.
Акрамя першых крокаў у пасяўной кампаніі, у КСУП «Скараднянскі» вядзецца шэраг іншых вясенне-палявых сельскагаспадарчых работ. Пад яравы сеў уносіцца арганіка і мінеральныя ўдабрэнні. На 2 красавіка ўнесена 89 % арганікі ад запланаванага. Да таго ж унесеныя арганічныя ўдабрэнні адразу ж заворваюцца, адзначыў галоўны аграном. Па словах Сяргея Шэцка, ужо падрыхтавана глебы амаль 300 гектараў: працуе адзін трактар з плугамі і два з дыскатарамі.
Адначасова з названымі работамі праводзіцца падкормка азімых зерневых і шматгадовых траў.
Ганна Гаўрылава