Нядаўна былі падведзены вынікі работы клуба даярак-шасцітысячніц за мінулы год. Абсалютным лідарам сярод лепшых даярак Ельшчыны з’яўляецца Людміла Гайкевіч, аператар машыннага даення КСУП «Саўгас «Камуніст».
Людміла Дзмітрыеўна жыве і працуе ў Зашыр’і з 2005 года. Увесь гэты час месца працы ў яе адно – радзільнае аддзяленне малочнатаварнага комплекса Прачомышлі. У абавязкі жанчыны ўваходзіць раздойванне кароў пасля ацёлу і вырошчванне маленькіх цялят да 20 дзён. У групе ў Людмілы Гайкевіч 25 кароў і 25 цялятак. На пытанне, чаму яна працуе толькі ў радзільным аддзяленні, жанчына адказала:
– Нават не ўяўляю сябе на працы ў іншым месцы! Вельмі падабаецца даглядаць маленькіх цялятак, выкармліваць іх. Наогул я ўсіх жывёл люблю.
У мінулым годзе Людміла Гайкевіч надаіла ледзь не 8 тысяч кілаграмаў малака – 7708 кг. Дзякуючы гэтаму выніку яна апынулася наперадзе ўсіх у раёне аператараў машыннага даення. У 2010 годзе надой быў меншым – каля 6500 кг малака. Тым не менш, тады гэта быў лепшы рэзультат у гаспадарцы. У чым жа сакрэт яе поспеху?
– Магчыма, правільна выконваю тэхналогію кармлення і догляду жывёлы, шчыра стараюся, – сціпла прызналася Людміла Дзмітрыеўна.
А можа, увесь адказ – у працалюбівасці і душэўнасці жанчыны?!
Яшчэ ў аднаго аператара машыннага даення КСУП «Саўгас «Камуніст» паказчыкі ў працы вельмі добрыя – 6376 кг малака. Гаворка ідзе пра Святлану Крук, якая працуе на малочнатаварнай ферме ў Зашыр’і. Дарэчы, таксама ў радзільным аддзяленні.
– Людміла Гайкевіч і Святлана Крук – даяркі з ліку самых паспяховых, – расказала галоўны заатэхнік КСУП «Саўгас «Камуніст» Вольга Патапенка. Са словамі «перадавая» і «лепшая» Вольга Аляксандраўна не спяшаецца. Кажа, што амаль усе жывёлаводы дастойныя пахвалы. Працуюць з душой, таму і вынікі ёсць.
Ганна Булаўка