З 20 па 25 лютага бягучага года ў сярэдняй школе № 1 горада Ельска праходзіў тыдзень «Ніхто не забыты, нішто не забыта!», які ўключыў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абаронцам Айчыны, героям Вялікай Айчыннай вайны.
Як лічыць выхавацель групы падоўжанага дня Алена Бандарэнка (на здымку), каб выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, неабходна як мага больш расказваць дзецям пра мінулую ваенную гісторыю беларускага народа, пра цяжкае жыццё нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра гераізм і мужнасць воінаў і мірных жыхароў.
У гутарцы з намі Алена Бандарэнка расказала:
– Пачаўся тыдзень экскурсіяй вучняў 3 класа, якія наведваюць групу падоўжанага дня, да помніка «Ахвярам XX стагоддзя». З вялікай цікавасцю слухалі яны паведамленне аб спаленых вёсках, аб расстраляных мірных жыхарах, аб жахах той далёкай вайны.
Мы таксама правялі з дзецьмі ў групе падоўжанага дня гутарку «Той самы першы дзень вайны», калектыўна прачыталі і абмеркавалі апавяданні пра подзвіг дзяцей у час вайны. Адказалі дзеці і на пытанні віктарыны «Абаронцы Айчыны». Напрыканцы тыдня адбылася размова з вучнямі 3 «А» класа на тэму «Мае адносіны да службы ў арміі», пад час якой кожны хлопчык выказаў свой пункт гледжання на неабходнасць выканання воінскага абавязку.
Яна Іванова