Да Галіны Якімец, жонкі начальніка Ельскага раённага аддзела ўнутраных спраў Анатоля Якімца, мы звярнуліся напярэдадні Дня беларускай міліцыі з просьбай расказаць пра другі, не звязаны з прафесіяй, бок жыцця галоўнага міліцыянера раёна і яго сям’і.
– Галіна Аляксееўна, што значыць для Вас Ваша сям’я? Раскажыце пра яе.
– Самае галоўнае для мяне ў жыцці – сям’я, дзеці, потым – работа. Асноўная ўвага і клопат – сям’і: мужу, дзецям і родным людзям. Разам з Анатолем Віктаравічам мы ўжо больш за дваццаць гадоў. У нас двое амаль дарослых дзяцей. Праўда, для бацькоў яны заўжды будуць дзецьмі. Дачка Яна – студэнтка чацвёртага курса Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта. Сын Нікіта – курсант Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. У гэтым годзе ён скончыць там сваю вучобу, плануе ісці вучыцца далей, але пакуль мы трымаем у сакрэце яго будучыя намеры. Вучоба ў сувораўскім вучылішчы наогул вельмі змяніла Нікіту: ён стаў больш сур’ёзным, разважлівым юнаком.
Я працую аперацыйнай медсястрой у Ельскай раённай бальніцы. Муж, як вы ведаеце, начальнік міліцыі, раней быў ваенным.
– Як Вы пазнаёміліся са сваім будучым мужам?
– Мы пазнаёміліся ў поездзе, якім ехалі да Гомеля, у 1989 годзе. У той час Анатоль быў на ваеннай службе ў горадзе Белазерску Валагодскай вобласці ў Расіі, а я працавала ў Гомельскай абласной бальніцы пасля заканчэння Мазырскага медвучылішча.
Пасля нашага знаёмства сустрэчы былі вельмі рэдкімі, больш перазвоньваліся па тэлефоне. У 1990 годзе мы пажаніліся. Пасля вяселля жылі ў Белазерску, абое служылі. У нашай вайсковай часці была свая гаспадарка. Трымалі карову (пазней кароў прыбавілася ды яшчэ і бычок), садзілі агароды. У той час цяжка жылося ўсім: прадукты выдавалі толькі па талонах, зарплату затрымлівалі на 3–4 месяцы. Каб атрымліваць у дзень адзін літр малака і адну булку хлеба, я цэлы год даіла ў часці кароў.
Канешне, служба ваеннага не з лёгкіх, асабліва для жонак ваенных. Іменна на іх плячах ляжаць усе клопаты пра дом, сям’ю і дзяцей. Але ж я з самага дзяцінства прывучаная да цяжкасцей і лёгкіх шляхоў у жыцці не шукаю. Бацькі змалку прывучылі мяне да сялянскай працы (сама я родам з вёскі Калінавае). І я лічу, калі ў сваім жыцці чалавек сустракаецца з цяжкасцямі і пераадольвае іх, гэта яго загартоўвае і ў далейшым дапамагае пераадольваць ўсе перашкоды і нягоды. Гэта выхоўвае вытрымку і цвёрдасць духу.
– Калі і як лёс прывёў вас назад на радзіму?
– Умовы жыцця ў вайсковай часці ў Белазерску былі няпростыя. Таму неаднойчы мы гаварылі пра тое, каб вярнуцца на радзіму. У 1995 го-дзе мы рашыліся на пераезд у Ельск. Нас, канешне, не хацелі звальняць, тым не менш мы настаялі на сваім. І зімою, у дваццаціпяціградусны мароз, на сваёй «капейцы» мы пераадольвалі шлях у 1400 кіламетраў на радзі-му. Я нават цяпер не магу паверыць, што мы так сарваліся і хутка пераехалі. Праўда, мужу давялося яшчэ нейкі час даслужваць у Белазерску.
– Галіна Аляксееўна, як праводзіць свой вольны час сям’я Якімец?
– Па роду сваёй дзейнасці Анатоль Віктаравіч мае вельмі мала вольнага часу. Тым не менш, калі надараюцца такія часіны, мы стараемся праводзіць іх разам, з дзецьмі, калі яны прыязджаюць на выхадныя.
У нас таксама ёсць дача, дзе мы вырошчваем усё неабходнае для сям’і: агуркі, памідоры, капусту, бульбу. Ёсць нават на дачы цяпліца. Я вельмі люблю працаваць на зямлі, вырошчваць што-небудзь.
Муж заўжды, па меры магчымасці і пры неабходнасці, мне дапамагае. У сямейным жыцці Анатоль Віктаравіч зусім іншы чалавек, чым на працы, дзе яму трэба быць строгім, патрабавальным, прынцыповым. Дома ён спакойны, цярплівы, больш пакладзісты. Робіць усё магчымае і нават немагчымае для дабрабыту сваёй сям’і, родных і блізкіх людзей.
– Ці лёгка быць жонкай міліцыянера?
– Калі, напрыклад, параўнаць ваенную службу са службай у права-ахоўных органах, то ў першым выпадку мне было значна лягчэй. Я заўжды ведала, дзе мой муж знаходзіцца. А цяпер вельмі хвалююся, перажываю, калі яго доўга няма. Я нават адчуваю сэрцам, калі яму пагражае небяспека. Але ж такая служба ў міліцыі, і я да гэтага прывыкла. І ўсё-такі спадзяюся, што з мужам усё заўсёды будзе добра, што Бог зберажэ яго ад бяды і непрыемнасцяў.
Ганна Гаўрылава