Прыбяры на сваёй планеце

Общество

Чысціня і парадак сталі важнай часткай брэнду Беларусь. Чысціня ў гарадах, пасёлках і вёсках, на прадпрыемствах, машынна-трактарных дварах, уздоўж трас і ў лясных масівах – вынік шматгадовай работы ў маштабах краіны.


У мінулым годзе ў нашай краіне таксама было многае зроблена па добраўпарадкаванні ў населеных пунктах і навядзенні парадка на зямлі. 15 сакавіка ў Савеце Міністраў былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за мінулы год. За высокія паказчыкі былі прызнаны пераможцамі і ў красавіку будуць узнагароджаны пераходзячым вымпелам з пасведчаннем і грашовымі ўзнагародамі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту шэраг населеных пунктаў.


Сярод населеных пунктаў першай катэгорыі названы горад Гомель (прэмія – 8000 базавых велічынь), другой катэгорыі – горад Светлагорск (3000 базавых велічынь), трэцяй – горад Калінкавічы (2000 базавых велічынь). Сярод пераможцаў населеных пунктаў чацвёртай катэгорыі таксама вызначылася Гомельшчына – гарадскі пасёлак Брагін (1500 базавых велічынь).


Не ўступаюць абласному і раённым цэнтрам сваёй добраўпарадкаванасцю і непаўторнасцю і многія нашы сельскія населеныя пункты. У ліку пераможцаў рэспубліканскага агляду названы вёскі Юравічы Калінкавіцкага і Зашыр’е Ельскага раёнаў (800 базавых велічынь).


Аграгарадок Зашыр’е з’яўляецца пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў шосты раз.


– На гэты конкурс, – патлумачыла Вольга Варанцова, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Саўгас «Камуніст», – штогод мы прадстаўляем усе неабходныя дакументы і фотаматэрыялы па аграгарадку Зашыр’е – цэнтры нашай гаспадаркі, якія адлюстроўваюць усю работу па добраўпарадкаванні населенага пункта. З пачаткам вясны ўсе работы значна актывізуюцца. Прыбіраецца ўсё смецце, якое сабралася за зіму, выграбаецца і вывозіцца.


У нашай гаспадарцы ёсць брыгада па добраўпарадкаванні тэрыторыі, яе ўзначальвае Вольга Рамановіч, спецыяліст па прыватным сектары і камунальнай гаспадарцы. Брыгада круглы год падтрымлівае парадак на ўсёй тэрыторыі аграгарадка.


Акрамя гэтага, пачынаючы з мінулай суботы, кожны тыдзень у нас арганізаваны суботнікі. Усе мы выходзім на ўборку тэрыторыі: падмятаем, прыбіраем смецце, нешта рамантуем, фарбуем. Пазней будзем афармляць клумбы. І наогул на працягу ўсяго года мы прадоўжым работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні пасёлка.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *