На гэтым тыдні былі падведзены вынікі конкурсу сярод паштальёнаў сельскіх і гарадскіх аддзяленняў сувязі на лепшыя паказчыкі ў падпісцы на раённую газету «Народны голас» на І паўгоддзе 2012 года. Гэты конкурс штогод праводзіцца рэдакцыяй нашай газеты сумесна з Ельскім раённым вузлом паштовай сувязі. У гэты раз лепшых вынікаў дасягнулі Наталля Зайцава, начальнік Качышчанскага аддзялення паштовай сувязі, і Ніна Ладыжанка, паштальён 2-га класа гарадскога аддзялення сувязі № 3.
Ім была выдзелена грашовая прэмія і аб’яўлена падзяка ад галоўнага рэдактара раённай газеты «Народны голас» Таццяны Петрухно.
Ніна Ладыжанка паштальёнам працуе даўно. Яна адзначыла, што «Народны голас» па-ранейшаму застаецца адной з самых папулярных сярод жыхароў Ельска газет. У гэты раз Ніна Дзмітрыеўна аформіла падпіску на 251 экземпляр раёнкі.
Наталля Зайцава расказала, што «Народны голас» у Кочышчах і ў навакольных вёсках чытаюць і выпісваюць з задавальненнем. На І паўгоддзе 2012 года ёю была аформлена падпіска на 119 экземпляраў. Гэты паказчык стаў лепшым сярод вясковых аддзяленняў сувязі.
Марына СУГАК