Аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы Камуна КСУП «Ельск» Таццяна Глумава за мінулы год атрымала 7092 кілаграмы малака на карову. Гэта лепшы вынік у гаспадарцы і адзін з лепшых у раёне. Дзякуючы добрым паказчыкам у рабоце, Таццяна Іванаўна ўжо не аднойчы ўдзельнічала ў раённай нарадзе перадавікоў. Сёлета яна зноў прызнана лепшай па прафесіі сярод аператараў машыннага даення.
– Сакрэт поспехаў вельмі просты, – гаворыць даярка. – Жывёлу трэба добра накарміць, своечасова падаіць, павінен быць і добры догляд за ёю. Акрамя гэтага, удзяліць больш увагі кожнай кароўцы, прылашчыць яе. Яны ж таксама адкажуць табе ласкай і любоўю.
Таццяна Іванаўна кожную карову называе ласкава, кожную песціць і шкадуе.
Шаснаццаць гадоў назад Таццяна Глумава з сям’ёю прыехала з Крыма ў Беларусь. Жыццё ў 90-я гады ў паўднёвай краіне для звычайных людзей аказалася няпростым. Таму і адгукнулася жанчына на запрашэнне сваіх знаёмых землякоў, якія жылі тут, на Ельшчыне, прыехаць у госці і прыгледзецца да тутэйшага ладу жыцця. Таццяна Іванаўна прыгледалася нядоўга, даспадобы ёй прыйшлася Беларусь, таму і прывезла дзяцей сюды.
Спачатку чатыры гады жыла і працавала ў Кочышчах, а потым знайшла сабе працу ў КСУП «Ельск». Гаспадарка выдзеліла ёй з дзецьмі дом, сям’я завяла вялікую хатнюю гаспадарку. Праўда, зараз дзеці Таццяны Іванаўны амаль усе дарослыя. Дачка Валянціна ўжо замужам, працуе памочнікам брыгадзіра тут жа, на ферме ў Камуне. Сын Іван працуе ў Расіі. Малодшая дачка Каця вучыцца ў прафтэхвучылішчы ў Мазыры. І толькі малодшы Даніла вучыцца ў школе, у 6 класе. Ён і дапамагае маці па гаспадарцы. А гаспадарка немалая: конь, карова, свінні, куры, качкі.
Сёння Таццяна Глумава – вопытны жывёлавод, які можа даць параду маладзейшым работні-кам, навучыць іх тонкасцям прафесіі. Кожны год Таццяна Іванаўна працуе прадуктыўна, з добрымі рэзультатамі. Сваім поспехам яна рада і ўпэўнена: калі будзеш любіць жывёлу, яна цябе не падвядзе.
Ганна Гаўрылава