Адной з самых запатрабаваных і адказных прафесій у сельскай гаспадарцы з’яўляецца прафесія электрагазазваршчыка.
У яго рабоце, прытым якаснай, маюць патрэбу ўсе і ўсюды: у рамонце тэхнікі, абсталявання на фермах. Зварачныя работы на вельмі высокім узроўні праводзіць Юрый Цецераў з КСУП «Ельскае Палессе».
– Выдатны спецыяліст і сапраўдны майстар сваёй справы, – гаворыць пра яго галоўны інжынер гаспадаркі Яўген Прышчэп. – Калі нешта зварыць, дык гэта будзе зроблена вельмі якасна і служыць доўгі час.
Юрый Адамавіч заўважыў, што намнога больш работы ў летні перыяд, калі ўся тэхніка ў полі працуе. Узнікаюць пэўныя непаладкі – і тады без дапамогі зваршчыка проста не абысціся. На выручку прыходзіць Юрый Цецераў у любы час: увечары, у выхадны дзень… За гэта яго вельмі паважаюць у гаспадарцы.