Дзеці павінны быць шчаслівымі

Образование

На гэтым тыдні дзяржаўная ўстанова адукацыі «Ельская дапаможная школа-інтэрнат» урачыста адзначыць свой 50-гадовы юбілей. Напярэдадні ўрачыстасцей мы пагутарылі  з яе дырэктарам Якавам Ліпскім, які на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў нястомна шчыруе на асветніцка-выхаваўчай ніве, стараецца стварыць для дзяцей і работнікаў школы камфортныя ўмовы для працы і выхавання.


– Якаў Дзмітрыевіч, я добра ведаю, што школа-інтэрнат – гэта Ваш галоўны чалавечы клопат, гэта сэнс усяго Вашага жыцця, і ўсё ж такі, што значыць для Вас школа-інтэрнат?


–  Калі я ўпершыню прыйшоў у школу-інтэрнат, мне вельмі цяжка было глядзець на дзяцей, абдзеленых лёсам або прыродай. Я заўсёды лічыў і зараз так думаю: дзеці павінны быць шчаслівымі, здаровымі і багатымі. І перада мной стала пытанне: як зрабіць так, каб ператварыць гэту дзяржаўную ўстанову ў дамашні, вельмі ўтульны і прыгожы дом. Каб дзеці нашы менш думалі пра родную хату, бацькоў, каб не так сумавалі. Спачатку шмат было сумненняў, але неяк мой добры сябра Аляксандр Кузняцоў сказаў мне: «Не тужы пра сродкі. Грошы закапаны ў зямлю, ты толькі здолей дастаць іх адтуль». Так я і зрабіў. Спачатку ўзяў 5 гектараў зямлі ў КСУП «Млынок», потым 10 га нам выдзяліў КСУП «Ельск», дзе і зараз мы вырошчваем гародніну: моркву, бульбу, буракі, збожжавыя культуры для школьнай свінафермы. І харчаванне нашых дзяцей адразу палепшылася. Толькі ў гэтым годзе на стол дзяцей пакладзена больш тоны мяса. Дзякуючы гаспадарцы, мы вырашылі многія матэрыяльныя праблемы. Адрамантавалі спальныя пакоі і класы, набылі новую мэблю, навучальнае абсталяванне, спортінвентар і шмат іншага. У нас ёсць нават трактар, з дапамогай якога мы апрацоўваем зямлю. Праца на карысць дзецям – вось што для мяне галоўнае на сённяшні дзень.


Я ганаруся тым, што сёння ў нас ёсць амаль ўсё, што патрэбна дзецям для паўнацэннага жыцця, адукацыі і выхавання. Ганаруся калектывам, які ва ўсім подтрымлівае свайго дырэктара і дапамагае. Я вельмі рады, што работнікі школы-інтэрната пастаянна імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень, творча падыходзяць да сваёй працы. А самае галоўнае – шчыра і самааддана любяць дзяцей.


З вялікім задавальненнем хачу сказаць, што ў нас ёсць цудоўны банна-пральны камбінат (працуе з 2008 года), дзе дзеці не толькі могуць добра памыцца, але і прайсці карэкцыю рухаў у спецыяльна абсталяванай спартыўнай зале. Стварэнне дастойных умоў для выхавання дзяцей – вось галоўная наша мэта. А школа-інтэрнат для мяне – гэта мае мары і пажаданні, гэта мая праца і маё жыццё, гэта галоўнае поле дзейнасці для самарэалізацыі, роск-віту найлепшых чалавечых рыс.


– Якія самыя шчаслівыя моманты былі у Вашай дырэктарскай дзейнасці?


– Самыя шчаслівыя моманты – гэта тыя, калі ўдавалася здзейсніць задуманае, зрабіць штосьці добрае на карысць дзецям. А яшчэ, калі не трэба было клянчыць грошы, хадзіць з працягнутай рукой. Але хачу адзначыць: я вельмі ўдзячны маім сябрам-шэфам, якія заўсёды ішлі насустрач, ніколі не адказвалі ў дапамозе. Гэта наш ганаровы дырэктар, чалавек вялікай душы і шчодрага сэрца, мой лепшы сябра Рыгор Бабчанок, гэта чулыя і сардэчныя кіраўнікі Аляксандр Кукса, Андрэй Сініцкі, Васіль Швяцоў, Уладзімір Еўлаш, Васіль Плех, Віктар Чырыч і Алена Марозава.


– Аб чым марыць дырэктар Ельскай школы-інтэрната?


– Мая мара – ператварыць тэрыторыю школы ў прыгожы, квітнеючы сад. Наш школьны сад заўсёды пладаносіў, кожны год даваў ураджай. Але ён пастарэў, і ўра-джай сапсаваўся. Дзякуючы прапанове і дапамозе епіскапа Тураўскага і Мазырскага Стэфана, з якім мы завязалі добрае сяброўства, вясной мінулага года быў паса-джаны малады сад. І мая мара – пабачыць, як наш сад зацвіце і бялюткія пялёсткі лёгкай завірухай паляцяць па двары…


А яшчэ я мару, каб кожны наш выпускнік пакідаў школу, маючы якую-небудзь прафесію, якая дапаможа яму ўладкавацца ў жыцці. Першыя крокі ў гэтым напрамку мы ўжо зрабілі: нашы адзінаццацікласнікі сёння атрымліваюць некаторыя прафе-сійныя навыкі. Хлапчукі навучаюцца слесарнаму рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, практыку праходзяць у КСУП «Ельск», а дзяўчаты асвойваюць спецыяльнасць санітаркі ў Ельскай раённай цэнтральнай бальніцы. Хворыя з нецярпеннем чакаюць нашых старанных санітарачак.


– Якаў Дзмітрыевіч, якой Вы бачыце будучыню школы?


– Гэта для мяне вельмі складанае пытанне. Стварэнне інтэграцыйных класаў у агульнаадукацыйнай школе, існаванне апякунскіх і прыёмных сем’ яў – усё гэта, канешне, добра, але, на мой погляд, інтэрнаты закрываць заўчасна. Мне здаецца, яны яшчэ спатрэбяцца. Мяне турбуе скарачэнне колькасці дзяцей у нашым інтэрнаце. Сёння ў нас выхоўваецца 78 дзяцей, а зусім нядаўна было 164. Хаця я, канешне, лічу, што дзяцей павінны выхоўваць бацькі. Толькі, на жаль, многія забылі пра свае бацькоўскія абавязкі.


– 50 гадоў школе-інтэрнату – гэта многа ці мала?


– Я лічу, 50 год – гэта значны юбілей, гэта знамянальная дата ў жыцці школы, усіх яе працаўнікоў, навучэнцаў, выпуск-нікоў… Усіх, хто шчыраваў на ніве выхавання дзяцей на працягу доўгіх гадоў. Я хачу падзякаваць нашым ветэранам, настаўнікам і выхавацелям з вялікай літары: Зое Іванаўне Качнёвай, Святлане Іванаўне Кляўда, Жанне Вячаславаўне Карабкевіч, Людміле Цімафееўне Данільчанка, Марыне Аляксееўне Кірэйшынай, Надзеі Афанасьеўне Духноўскай, Еве Лявонцьеўне Рачыцкай, Еўдакіі Васільеўне Цімошчанка.


Хачу павіншаваць усіх, хто працаваў тут раней і хто зараз працуе, з нашым паўвекавым юбілеем, пажадаць здароўя, шчасця і дабрабыту.


Жанна Найман



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *