7 лістапада жыхары г. Ельска і Ельскага раёна адзначылі свята Вялікага Кастрычніка. 94 гады таму адбылася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. У гэты дзень у Петраградзе завяршылася ўзброенае паўстанне, Часовы ўрад быў звергнуты, улада перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, а ў ваколіцах – да Саветаў.
Рэвалюцыя 1917 года стала адной з самых значных падзей XX стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Людзі атрымалі права на працу, адукацыю, адпачынак, права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Гэтае пачуццё дотыку да лёсу краіны, магчымасць творчасці ў працы давалі добрыя вытворчыя вынікі, вызывалі энтузіязм і самаадданасць людзей.
«Дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ атрымаў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру. Гісторыю рэвалюцыі і яе ўрокі забываць нельга,бо яна дапамагае лепш зразумець мінулае і разабрацца ў сучасным. Ідэі аб’яднання і салідарнасці працоўных, роўнасці ўсіх людзей застаюцца актуальнымі і ў наш час», – адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Леанід Пісанік.
У гэты святочны дзень у Ельску адбылася цырымонія ўрачыстага ўскладання кветак да помніка У.І. Леніна на цэнтральнай плошчы горада. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў на чале з Леанідам Пісанікам і Сяргеем Матузкам, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, ветэраны, навучэнцы школ, жыхары і госці горада.
Пазней у ГДК «Колас» адбыўся святочны канцэрт «З памяццю ў сэрцы, з вераю ў будучыню». У ім прынялі ўдзел народны духавы аркестр ГДК «Колас», народны ансамбль камернай музыкі «Элегія», ансамбль народных інструментаў Зашырскага КСЦ, народны ансамбль песні «Папараць-кветка» і народны ансамбль музыкі «Радуніца» г. Мазыра і многія іншыя.
Алесь Таполя