Пра Ельскі раён, мякка кажучы, нямнога гаварылі ў нашай рэспубліцы, пакуль КСУП «Саўгас «Камуніст» не заявіў пра сябе як гаспадарку, здольную рыхтаваць сапраўдных герояў-земляробаў, лідэраў рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Пра тое, як у сельскай гаспадарцы ўдаецца дасягаць добрых поспехаў, расказаў Рыгор Бабчанок, дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст»:
– Наша гаспадарка і яе працаўнікі ўжо дзесяць гадоў запар станавіліся ўдзельнікамі рэспубліканскіх «Дажынак». У нас ўжо налічваецца 6 аўтамабіляў і 4 камп’-ютэры. У КСУП «Саўгас «Камуніст» выкавана цэлая пляяда дастойных людзей, выдатных працаўнікоў, пераможцаў-хлебаробаў і корманарыхтоўшчыкаў.
У 2003, 2004 і 2005 гадах Андрэй Журомскі быў пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак», прывёз адтуль два аўтамабілі і камп’-ютар. У 2006 годзе Віктару Кашэвічу падарылі аўтамабіль. У 2007 годзе пераможцам быў Рыгор Казачэнка, у 2008 і 2009 гадах – Уладзімір Давідзюк, у 2010 і 2011 гадах – Аляксандр Алесіч.
Акрамя гэтага, КСУП «Саўгас «Камуніст» тройчы станавіўся ўдзельнікам-пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак» – у 2004, 2005 і 2006 гадах. Гаспадарцы ўручалі грашовыя прэміі і трактар, які і зараз працуе на нашых палях.
Трэба сказаць, што стаць пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак» не так проста. Гэта цяжкая штодзённая праца не толькі аднаго механізатара, а ўсіх спецыялістаў, усіх служб гаспадаркі. І калі ёсць пераможцы, то іх перамога з’яўляецца перамогай цэлай каманды. Безумоўна, механізатар сам павінен быць вынослівым і маральна, і фізічна, вытрымліваць каласальныя нагрузкі. Але ж і не менш важную ролю іграюць, напрыклад, агранамічная і інжынерная служба. Так, інжынеры шукаюць тэхніку, запчасткі да яе, кантралююць рамонт. Аграномы клапоцяцца пра палі, рыхтуюць іх да сяўбы і г.д.
Таму, каб стаць пераможцам, дасягнуць пэўных рэзультатаў, неабходна працаваць усім разам, зладжана, дружна. Пажадана, каб кожны механізатар пабыў на «Дажынках» і адчуў смак перамогі. Перамога ў «Дажынках» – гэта вяршыня сялянскай працы, своеасаблівы алімп.
У гэтым цвёрда ўпэўнены дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок. І з гэтым нельга не згадзіцца.
Ганна Гаўрылава