Сёлетняе жніво з яго валавым зборам зерня, ураджайнасцю і традыцыйнымі складанымі ўмовамі надвор’я адыходзіць у гісторыю. Нягледзячы на ўсе прыродныя сюрпрызы, хлебаробы пастаянна з гонарам выходзілі з цяжкіх сітуацый, былі мацнейшымі за любыя выпрабаванні, якія прыносілі ім зімнія маразы, летнія засухі ці шквалістыя вятры. Майстэрства і высокі прафесіяналізм пастаянна бралі верх. Так было і цяпер. Многія камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі, зернесушыльшчыкі, галоўныя аграномы гаспадарак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, усе, хто меў непасрэдныя адносіны да жніва, запісалі ў яго гісторыю некалькі сваіх яркіх радкоў.
Дарэчы, у час жніва пра лаўры першынства ніхто не думаў. Кожны добрасумленна выконваў сваю справу, хаця ў душы, магчыма, і разлічваў абысці калег. Быць перадавіком не толькі прэстыжна, але яшчэ і выгадна. Аднак толькі лепшыя з іх, а гэта 295 пераможцаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых і 97 – на нарыхтоўцы кармоў, атрымалі пуцёўкі ў Маладзечна. Усе яны – сапраўдныя майстры хлебнай нівы і кормавытворчасці.
Афіцыйная дэлегацыя Гомельскай вобласці на «Дажынках 2011» налічвала 100 чалавек. У яе састаў увайшлі работнікі сельскай гаспадаркі 13 раёнаў вобласці. Найбольш прадстаўнікоў было з Рэчыцкага раёна – 28 чалавек. Дэлегатам ад Ельшчыны стаў Аляксандр Алесіч, механізатар КСУП «Саўгас «Камуніст», які дабіўся высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў. Ім нарыхтавана 1567,2 т сіласнай масы, 444,9 т сенажу, 7979,6 т зялёнага корму. У выніку ў пераразліку на зялённую масу – 10750 т, або 25000 умоўных кармавых адзінак.
Агульны ўраджай, сабраны сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі вобласці, склаў 878 тысяч тон зерня, гэта на 122 тысячы тон больш, чым у мінулым годзе. А з улікам зерня кукурузы, уборка якой зараз яшчэ ў поўным разгары, агульны намалот зерня складзе больш чым 1,1 мільёна тон. 114 механізатараў вобласці намалацілі ў гэтым годзе 1000 тон зерня і больш. Колькасць вадзіцеляў, якія перавезлі 1000 тон зерня з поля да месцаў яго дапрацоўкі, саставіла больш за 250 чалавек.
У гэтым годзе ў вобласці ўпершыню будзе нарыхтаваны двухгадовы запас травяністых кармоў. У першую чаргу гэта будзе дасягнута за кошт павелічэння пасеваў кукурузы. Разлікі паказваюць, што ў рэгіёне ў гэтым годзе будзе нарыхтавана не менш чым 4,2 млн сіласу з кукурузы супраць 2 млн у 2010 годзе. У выніку запас травяністых кармоў у пераліку на ўмоўную галаву жывёлы складзе на пачатак зімнестойлавага перыяду не менш 42 ц кармавых адзінак супраць мінулагодніх 22,9 ц кармавых адзінак.
Пра тое, як прайшоў у Мала-дзечна 15-ы рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2011», як ён быў убачаны вачамі нашага земляка Аляксандра Алесіча, мы раскажам у наступным нумары «Народнага голаса».
Ганна Гаўрылава