Амаль месяц ужо працягваецца перыяд корманарыхтовак у гаспадарках раёна. Якімі тэмпамі ідзе нарыхтоўка кукурузнага сіласу ў КСУП «Ельск», расказаў нам галоўны аграном гэтай гаспадаркі Міхаіл Касуха:
– У КСУП «Ельск» кукурузай занята 1400 га, акрамя гэтага на насенне – 210 га. На сённяшні дзень мы ўжо ўбралі больш палавіны ўсіх плошчаў плошчаў, з якіх нарыхтавана больш за 20000 тон. У сярэднім кожны дзень нарыхтоўваем каля 800 тон сіласу.
На нарыхтоўцы і адвозцы кукурузнага сіласу сёлета занята 9 адзінак тэхнікі: «Ягуар», КЗР, 5 трактароў і адзін МАЗ. На трамбоўцы сіласу таксама занята многа тэхнікі. Усе стараюцца працаваць хутка і якасна. Дзякуй Богу, надвор’е пакуль спрыяльнае. Непагадзь і дажджы не дазваляюць, напрыклад, МАЗам пад’ехаць да камбайнаў.
На магутным камбайне «Ягуар» у КСУП «Ельск» працуе Аляксей Гуд, адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Спыніўшы на некалькі хвілін свой камбайн, Аляксей Міхайлавіч расказаў нам, як яму працуецца:
– Працы, як заўжды ў сельскай гаспадарцы, многа, няма калі расслабляцца. Вясной – на «Ягуары» на нарыхтоўцы сенажу, летам – на камбайне на ўборцы зерня, восенню нарыхтоўваем кукурузны сілас, зімой – на машыне важу людзей. Як у той песні: спакой нам толькі сніцца. Але ж я ні на што не скарджуся: у сельскай гаспадарцы амаль у кожнага працаўніка такі лад жыцця. У гэтым годзе ў нашай гаспадарцы кукурузы многа, таму мы вельмі стараемся нарыхтаваць многа якаснага корму для жывёлы.
Ганна Гаўрылава