Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў прымаюць актыўны ўдзел у абласной акцыі «Дэпутацкі клопат – здароўе дзяцей».
На святочнай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, вучні САШ № 2 г. Ельска атрымалі ад мясцовых дэпутатаў вялікі падарунак. Галоўны ўрач Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Цішкова перадала дзецям мячы і наборы для гульні ў настольны тэніс, а дырэктар гэтай навучальнай установы Канстанцін Кляўда – баскетбольныя і валейбольныя мячы. Н.І. Цішкова таксама наведала ў гэты дзень Ельскую дапаможную школу-інтэрнат і падарыла яе выхаванцам набор мячоў для спартыўных гульняў.
У Дзень ведаў абручы, мячы, ракеткі для гульні ў бадмінтон і настольны тэніс і іншы спартыўны інвентар ад старшыні КСУП «Ельскае Палессе» Ула-дзіміра Матузкі атрымалі вучні Качышчанскай і Старавысакоўскай сярэдніх агульнаадукацыйных школ.
Галіна Ільюк, старшыня Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі, уручыла вучням САШ № 1 г. Ельска, валейбольныя мячы, тэнісныя і бадмінтонныя ракеткі.
Дырэктар ААТ «Ельскі аграсэрвіс» Аляксандр Кукса, які, дарэчы, з’яўляецца і дэпутатам, і кіраўніком шэфскай арганізацыі яслей-сада № 2 г. Ельска «Залаты ключык», падарыў выхаванцам гімнастычныя дыванкі, спартыўныя мячы, абручы, наборы для гульні ў бадмінтон.
Дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок перадаў вучням Зашырскай САШ валейбольныя мячы.
Прыняў удзел у акцыі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Матузка. Падарунак ад яго дастаўся гімназістам Ельскай раённай гімназіі.
Акцыя «Дэпутацкі клопат – здароўе дзяцей» будзе праходзіць на працягу 2011–2012 навучальнага года, у час яе правядзення дэпутаты наведаюць установы адукацыі і ў якасці падарункаў уручаць дзецям і падлеткам спартыўны інвентар.
Марына СУГАК