Міхаіла Іванавіча і Марыю Віцэнтаўну Козел з вёскі Казлы мы засталі за звычайнай сялянскай справай: яны варочалі сена, збіраліся, як крыху спадзе сонца, зграбаць у копы. Надвор’е стаяла больш чым спрыяльнае: ні хмурынкі на небе, толькі сонца пячэ.
Марыя Віцэнтаўна, гаваркая, шчырая і добразычлівая жанчына і сапраўдная гаспадыня, весела ўсклікнула, жартаўліва звярнулася да нас:
– О, колькі памочнікаў прыйшло сена зграбаць! Работу кожнаму знойдзем, і граблей усім хопіць! А я гляджу: незнаёмая чорная машынка па вуліцы праехала…
Звычайная вясковая назіральнасць і цікаўнасць, асабліва характэрныя жыхарам маленькіх вёсак, у якіх жыццё кожнага як на далоні: хто да каго зайшоў, прыехаў, пра што пыталіся… Калі я патлумачыла гаспадарам пра мэту свайго візіту, і Міхаіл Іванавіч, і Марыя Віцэнтаўна засаромеліся, збянтэжыліся.
– Што пра нас пісаць, – кажа гаспадыня і далей расказвае. – Звычайная вясковая сям’я. Нарадзіліся і выраслі ў Казлах, спазналі з дзяцінства і голад, і вайну, і цяжкае жыццё, і гора дастаткова. Ніколі не забуду, як вёску нашу спалілі, як у лесе мы хаваліся: і маці, і брат, і сястрычка мая. Бацька загінуў, калі Ельск абаранялі. У Ельску ён і пахаваны.
Гаспадару майму таксама нялёгка жылося, зведаў і ён многа гора і нястач. Пасля смерці бацькі вядома ж якое жыццё пры мачасе! Сказалі: ідзі да Мані ў сваты, ён і пайшоў. Раней жа не так усё было, як цяпер: кажуць, такое вялікае каханне, жэняцца пышна, а потым праз год-другі разбягаюцца.
Працяг чытайце ў газеце «Народны голас».
Ганна Гаўрылава