6 мая ў Ельскім раёне прайшлі адразу дзве дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да Дня Перамогі, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай грамадскай арганізацыі «Белая Русь», раённага савета ветэранаў, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Гэтыя мерапрыемствы былі аб’яднаны агульнымі мэтамі: падтрымаць і павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі і ўручыць ім святочныя падарункі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Матузка, які таксама ўзначальвае раённую грамадскую арганізацыю «Белая Русь», адзначыў, што яму вельмі прыемна выконваць такую пачэсную місію напярэдадні аднаго з самых галоўных дзяржаўных святаў Беларусі.
«Незабытыя ветэраны» – пад такой назвай у Ельску прайшла акцыя РГА «Белая Русь», у час правядзення якой прадстаўнікі гэтай арганізацыі наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, падзякавалі ім за подзвіг, здзейснены ў гады самай жудаснай вайны ХХ стагоддзя, за праяўленыя адвагу і гераізм, за мірны сённяшні дзень і ўручылі ім каштоўныя падарункі.
Першым віншаванні і падарунак прыняў Павел Іванавіч Цык. Ён быў на рабочым месцы, але на нейкі час адклаў у бок свае справы і далучыўся да дэлегацыі, каб разам павіншаваць сваіх сяброў-ветэранаў.
Далей удзельнікі акцыі наведалі Рыгора Сцяпанавіча Прыходзьку, Уладзіміра Емяльянавіча Бычкоўскага, Фёдара Тарасавіча Хмаруна, Якава Міхайлавіча Гейхмана і Міхаіла Іосіфавіча Гусачэнку. Апошняга, дарэчы, наведалі ў бальнічнай палаце цэнтральнай раённай бальніцы.
Падчас акцыі «Ад шчырага сэрца» дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў завіталі не толькі да ветэранаў Вялікай Айчыннай, але і ў сем’і загінуўшых на вайне. Дэпутаты пажадалі ўсім моцнага здароўя, даўгалецця і сямейнага дабрабыту. Купрыенка Аляксандру Фёдаравічу, Падгарадзецкай Софіі Андрэеўне, Назарчуку Фёдару Паўлавічу і іншым ветэранам, уручылі кветкі, паштоўкі, падарункі і грашовыя сродкі.
Ветэраны шчыра дзякавалі за клопат і ўвагу і ў сваю чаргу пажадалі ўсім доўгага і шчаслівага жыцця пад мірным небам Беларусі.
Марына СУГАК.