Свята першай баразны, або, як яго яшчэ называюць, заворванне, – гэта традыцыйны земляробчы абрад пачатку веснавых палявых работ. Першы выхад у поле быў святам і суправаджаўся комплексам сімвалічна значымых абрадавых дзеянняў, звычаяў і павер’яў. Араты ўставаў на золку, надзяваў чыстую кашулю і, акрапіўшы сваіх валоў ці коней крынічнай вадою, адпраўляўся з сахою ў поле. Браў з сабою хлеб, ваду, нярэдка соль і яйкі. Акрамя гэтага, у кожнага гаспадара была з сабою сякера.
Усё гэта было і ў лепшых валаўскіх аратых, якія праклалі першую баразну на палетках КСУП “Скараднянскі” ў пачатку красавіка. Мікалай Кохан, дырэктар Валаўскай школы, і Сяргей Кышлар, малаказборшчык вёскі Валаўск, вось ужо на працягу некалькіх гадоў праводзяць абрад першай баразны. Іх конік, які за зіму добра адпачыў і набраўся сіл, першым пралажыў баразну ворыва на вялізным полі. Ужо пасля гэтага сучасныя магутныя трактары з найноўшымі шматфункцыянальнымі агрэгатамі працягнуць распачатую імі справу.
Першую баразну Мікалай Іванавіч пралажыў пад душэўныя песні народнага ансамбля “Валошкі” Валаўскага СДК. Акрамя гэтага, былі выкананы і ўсе абрадавыя дзеянні: у раллю араты ўтыкнуў сякеру, каб зелле не расло, закапаў у чыстай сурвэтцы хлеб, соль і яйка, каб зямлю-карміцельку задобрыць. Усё гэта рабілася вельмі сур’ёзна, таму што людзі, захоўваючы народныя традыцыі, вераць у будучы ўраджай, а значыць – і ў дабрабыт працаўнікоў.
Перад удзельнікамі і гасцямі свята, механізатарамі і кіраўніцтвам выступілі Васіль Касенка, дырэктар КСУП “Скараднянскі”, Георгій Цык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Святлана Данільчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. Усе яны павіталі сейбітаў з пачаткам пасяўных работ, пажадалі механізатарам поспехаў у працы, а ўсім працаўнікам вёскі – вялікага і шчодрага ўраджаю. Калектыў “Валошкі” падарыў усім прысутным цудоўныя песні пра адданую працу сейбітаў і хлебаробаў на роднай зямлі.
Ганна Гаўрылава.