Штогод у Ельску праходзіць раённая спартакіяда дапрызыўной і прызыўной моладзі па летнім мнагаборстве «Абаронца Айчыны». Спаборніцтвы праводзяцца па ініцыятыве раённага аддзела адукацыі і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Сёлета ў спартакіядзе, якая праходзіла на стадыёне «Цэнтральны», прынялі ўдзел 64 юнакі з устаноў адукацыі нашага раёна.
Хлопцы спаборнічалі ў пяці дысцыплінах: бег 100 м, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, кіданне гранаты (700 г), падцягванне на перакладзіне, бег 3000 метраў.
У судзействе, якое забяспечылі прадстаўнікі Ельскай СДЮШАР, ДЮСШ РАП работнікаў АПК, прыняў удзел ваенны камісар Ельскага райваенкамата Юрый Яначкін.
У асабістым заліку ў старэйшай узроставай групе, дзе выступалі юнакі 1993–1994 г.н., І месца заняў Глушко Максім (Дабрынская САШ), ІІ месца – Карпаў Генадзій (САШ № 1 г. Ельска), ІІІ – Марозенка Віталій (Дабрынская САШ).
У малодшай узроставай групе сярод юнакоў 1995–1996 г.н. мацнейшым быў вучань Санюкоўскай САШ Трубовіч Андрэй. Ён набраў аж 128 ачкоў! Гэта, дарэчы, больш, чым набралі некаторыя школьныя каманды. Другое месца заняў Кузняцоў Аляксандр (Дабрынская САШ), трэцяе – Калёсны Яўгеній (Зашырская САШ).
У агульнакамандным заліку перамогу святкавалі юнакі Дабрынскай САШ. Яны набралі 440 ачкоў. На другое месца паднялася каманда Санюкоўскай САШ (391 ачко), а трэцяе месца занялі юнакі САШ № 1 г. Ельска (375 ачкоў).
Каманды, якія трапілі ў тройку прызёраў, былі ўзнагароджаны дыпломамі ад арганізатараў спартакіяды.
Марына СУГАК.