Лета для школьнікаў – гэта не толькі час для адпачынку, але і магчымасць папрацаваць, як дарослыя, самастойна атрымаць зарплату. Вучні Валаўскай школы, а дакладней – старшакласнікі, выкарыстоўваюць гэтую магчымасць спаўна, працуючы на зернетаку мясцовай гаспадаркі. Загадчыца зернетоку ў Валаўску Галіна Касенка расказала: «Сёлета ў нас працуюць 14 старшакласнікаў. Яны вельмі добра спраўляюцца з работай, сумленна выконваюць усе даручэнні: лапацяць зерне, загружаюць і разгружаюць сушылку, падмятаюць пляцоўкі. Працуюць не пакладаючы рук. Адным словам – малайцы!»