Са спортам сябруем з маленства

Спорт

Вучні Дабрынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Віктар Федзюкевіч і Арцём Альховік сябруюць са спортам з маленства. У спаборніцтвах сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі па зімняму мнагаборству «Абаронца Айчыны» у малодшай узроставай групе яны паказалі найлепшыя вынікі. Пра школьнае жыццё, заняткі фізічнай культурай і бліжэйшыя перспектывы мы пагутарылі з Віктарам і Арцёмам.


– Чым цікавае ваша школьнае жыццё?


Віктар:
– Мне вельмі падабаюцца такія школьныя прадметы, як гісторыя Беларусі і беларуская літаратура. Урокі заўсёды праходзяць цікава.
Запамінальнымі былі экскурсіі ў Белавежскую пушчу і Брэсцкую крэпасць. Вельмі ўразіла Нацыянальная бібліятэка.


Арцём:


– У нашай школе адбываецца шмат чаго цікавага. Я больш за ўсё люблю ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, наведваць урокі фізкультуры і школьныя дыскатэкі.


– Вы не першы год паказваеце добрыя спартыўныя вынікі. Раскажыце, калі ласка, пра заняткі фізічнай культурай.


Віктар:


– У мяне спартыўная сям’я: бацька працуе настаўнікам фізічнай культуры, маці добра страляе і гуляе ў шашкі, старэйшы брат вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце на факультэце фізічнай культуры і спорту. Спартыўныя гульні, заняткі фізкультурай, спаборніцтвы крочаць разам са мною па жыцці. Я найбольш люблю гімнастыку, мне падабаецца выконваць фізічныя практыкаванні. Ад гэтага цела становіцца моцным і прыгожым, і сам раблюся дужэйшым. Яшчэ мяне прывабліваюць гульнёвыя віды спорту – футбол, валейбол.


Арцём:


– Мне падабаецца лёгкая атлетыка. Люблю бегаць, скакаць, страляць. У раённых спаборніцтвах па легкаатлетычным кросе займаў першыя месцы.


Часта гляджу тэлетрансляцыі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і розных іншых спартыўных спаборніцтваў. Зімою – трансляцыі этапаў Кубка свету па біятлоне. Балею за расійскіх біятланістаў.


Я наведваю трэнажорны зал. Неабходна быць дужым і здаровым, каб не толькі добра сябе адчуваць і добра выглядаць, але і каб у любой сітуацыі змог пастаяць за сябе.


– Пра што марыце?


Арцём:


– Добра скончыць школу, паступіць ва ўніверсітэт і стаць настаўнікам фізічнай культуры.


Віктар:


– Бліжэйшыя планы ў мяне такія: заняць першае месца ў абласных спаборніцтвах па біятлоне «Снежны снайпер» і трапіць на рэспубліканскія спаборніцтвы. Як і ў большасці выпускнікоў, мае мары звязаны з экзаменамі. Хачу добра здаць выпускныя экзамены, атрымаць высокія балы на цэнтра-лізаваным тэсціраванні і стаць студэнтам.


– Ці застаецца ў выпускнікоў вольны час і, калі так, то як яны яго праводзяць?


– Вольнага часу ў мяне амаль няма. Пасля ўрокаў наведваю дадатковыя заняткі па некаторых прадметах, рыхтую домашнія заданні, потым займаюся ў спартыўнай секцыі.
Калі ёсць магчымасць, люблю паглядзець старыя савецкіх часоў кінастужкі. Яны добрыя, праўдзівыя… Да глыбіні душы крануў фільм «Белы Бім – Чорнае вуха».


Арцём:
– Займаюся падрыхтоўкай да экзаменаў, наведваю трэнажорны зал.


Гутарыла Марына Сугак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *